Як зрабіць якасны сайт і пры чым тут «блакітны слонік»? 10 лайфхакаў ад HrodnaMediaRoom
Няма сайтаў "модных" і "не модных", "прыгожых" і "непрыгожых", ёсць сайты, якія спраўляюцца з ключавой задачай і не спраўляюцца, — лічыць дырэктар вэб-студыі "Іквадарт" Глеб Койпіш і простай мовай расказвае, як стварыць вэб-праект і застацца задаволеным вынікам.
Сустрэча адбылася ў HrodnaMediaRoom на пляцоўцы Цэнтра гарадскога жыцця.
Калі вы рэалізуеце ўласны праект, важна, як вы пра сябе расказваеце і як сябе пазіцыянуеце. Вельмі важным у гэтым плане становіцца стварэнне ўнікальнага “твару”, які будзе адрозніваць вас сярод іншых. Адзін з варыянтаў такой самапрэзентацыі свету — стварэнне сайта.
Часта ўжо на першым этапе праекты, ініцыятывы, арганізацыі не могуць дакладна сфармуляваць, якім яны бачаць сваё пазіцыянаванне і свой інфармацыйны рэсурс. Вельмі распаўсюджаныя запыты, з якімі прыходзяць да распрацоўшчыкаў: “Нам патрэбны сайт пра нас”, “Зрабіце як у нашых сяброў ці лепш, чым у канкурэнтаў”, “Зрабіце сайт, каб мы былі ў інтэрнэце”.
Такі сайт вядома можна зрабіць, але з такім запытам гэта будзе праца з завязанымі вачыма — можна трапіць у кропку, а можна і расчараваць, не прынесці карысці і задавальнення ні заказчыку, ні карыстальнікам.
Падчас майстар-класа Глеб Койпіш расказаў, як не прамахнуцца ўжо на першым этапе, падрыхтавацца да запуску сайта і атрымаць максімум ад каманды распрацоўшчыкаў.
Прапануем самае цікавае.
Калі хтосьці звяртаецца да распрацоўшчыкаў, існуюць дзве скрайнасці. Першая: чалавек альбо кампанія ўвогуле не разумеюць, для чаго яны робяць сайт. Напрыклад, часта гучаць прычыны кшталту “задаволіць эстэтычныя патрэбы дырэктара”, “зрабіць лепш чым у суседа” і г. д. Другая скрайнасць: запыт прыходзіць не з праблемай, якую трэба вырашыць, а ўжо з рашэннем. Справа ў тым, што людзі, якія прапануюць рашэнне, часцей за ўсё не спецыялісты — не праектыроўшчыкі і не дызайнеры, і тое, што яны прапануюць, у 9 з 10 выпадкаў ідзе ў “сметніцу”.
1. Першае — для пачатку вызначыцеся, з якой мэтай вы плануеце ствараць сайт.
Гэта будзе сайт для камерцыйнай дзейнасці, карпаратыўная старонка, ці інфармацыйны партал. Ацаніце моцныя і слабыя бакі запланаванай дзейнасці, важнасць і каштоўнасць інфармацыі, якая мяркуецца да данясення чытачам, наколькі яна цікавая, папулярная і ўнікальная ў інтэрнэце.
2. Прадумайце ўсе дробязі і нюансы, якія могуць стаць матывацыяй выбраць менавіта вас.
Важна старанна і свядома падысці да ідэй нішы, прааналізаваць яе мэты, прызначэнне, актуальнасць у рэгіёне ці краіне. Падумайце, наколькі перспектыўная дзейнасць, для каго будзе стварацца сайт, якія ён будзе выконваць функцыі і вырашаць задачы.
3. Не трэба прыходзіць да распрацоўшчыка з нейкім рашэннем.
Варта апісаць працэсы, што адбываюцца ў арганізацыі, рэдакцыі, і праблемы, якія вы хочаце вырашыць. Тады распрацоўшчык прапануе вам, як лепей усё зрабіць.
Трэба давяраць распрацоўшчыку, бо гэта чалавек са спецыяльнай адукацыяй і досведам. Ён ведае, што кнопка павінна быць менавіта ў гэтым месцы і павінна быць зялёнага колеру. Не трэба пераконваць яго ў тым, дзе павінны знаходзіцца кнопкі.
4. Сайт павінен быць запамінальным, зручным у выкарыстанні і пісьменна структураваным.
Ад гэтага залежыць не толькі далейшая распрацоўка дызайну сайта і яго напаўненне кантэнтам, але і камфорт наведнікаў. Трапляючы на сайт, кожны наведнік павінен разумець, дзе і як ён можа знайсці патрэбную інфармацыю. Усе блокі павінны быць выбудаваны лагічна.
5. Разам з тым, сайт — гэта не прыгожы малюнак.
Не заўсёды зручны інтэрфейс гуляе галоўную ролю ў пабудове сайта і яго працы. Кантэнт — самае галоўнае, менавіта за ім чалавек прыходзіць на сайт. Сайт — гэта вонкавая абалонка кантэнту, інтэрфейс, праз які чалавек узаемадзейнічае з кантэнтам у інтэрнэце.
Калі вы прыходзіце да распрацоўшчыка, трэба абавязкова прыходзіць з кантэнтам, бо інтэрфейс сайта будзе будавацца вакол яго. Наяўнасць кантэнту ўплывае на канверсію.
6. Калі вы думаеце, што прыйдзеце да распрацоўшчыка, заплаціце яму грошы і атрымаеце круты праект, які будзе выконваць ускладзеныя на яго задачы і функцыі, то гэта не так. Стварэнне вэб-сайта – гэта не гатовы прадукт, гэта праект, працэс. Ніхто, ні распрацоўшчык, ні замоўца, не ведае, што атрымаецца ў выніку.
7. На этапе падрыхтоўкі вэб-праекта пішацца тэхнічнае заданне, абмяркоўваецца ваша дзейнасць, арганізацыя, праектуецца інтэрфейс. Гэта сумесная праца распрацоўшчыка і замоўцы. У камандзе праекта павінна быць 1–3 чалавекі, і пажадана, каб яны валодалі рознымі кампетэнцыямі. Калі ў камандзе будзе 10 чалавек, то распрацоўшчыкі ніколі не змогуць стварыць сайт, які задаволіць іх усіх, бо ў кожнага ёсць сваё разуменне, як праект павінен задавольваць патрэбы. Таксама трэба дамовіцца пра каналы камунікацыі, зручныя для ўсіх бакоў.
8. У людзей ёсць звычка паказаць, што яны шмат у чым разбіраюцца, і хочуць адчуваць сваё дачыненне да справы. У дызайнераў ёсць такое паняцце як “блакітны слонік”. Распрацоўваецца дызайн, усё дэталёва прадумваецца, але распрацоўшчыкі разумеюць, што замоўца ўсё роўна захоча ўнесці нейкія змены, каб адчуць сваё дачыненне да справы. Таму дызайнеры ўстаўляюць нейкі дзіўны, непатрэбны элемент. Замоўца гэта заўважае, просіць выдаліць, такім чынам, ён спрычыняецца да працы. І ўсе бакі застаюцца задаволенымі.
9. Ёсць розныя метадалогіі стварэння праектаў. Якую б вы не выбралі, рухацца трэба аператыўна. Так вы сэканоміце свой бюджэт. Тыя змены, што вы зробіце падчас дызайну, будуць у тры разы таннейшыя, чым калі рабіць іх на этапе вёрсткі. Чым далей, тым больш грошай вы выдаткуеце.
10. Канец — гэта толькі пачатак. Для таго, каб вэб-праект выконваў свае функцыі і не адставаў ад часу, яго трэба ўвесь час удасканальваць і паляпшаць.