Касацыя без задавальнення
Суддзя Гомельскага абласнога суда Руслан Царук 12 студзеня разгледзеў касацыйную скаргу ўласнага карэспандэнта «Народнай Волі» Анатоля Гатоўчыца на пастанову суда Цэнтральнага раёна Гомеля, паводле якой журналіст быў аштрафаваны на 20 базавых велічынь нібыта за недазволены пікет (арт.24.23 КаАП).
Што здарылася?
Журналіста 14 снежня міліцыя запісала ў пікетчыкі, каб не даць сустрэцца са сваякамі асуджаных палітвязняў ля будынка СІЗА‑3 на вуліцы Кніжнай, дзе выносілі прысуд палітвязням Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку, Арцёму Сакаву, Уладзіміру Цыгановічу і Дзмітрыю Папову пасля амаль шасцімесячнага судовага працэсу.
Як вядома, разгляд справы праходзіў у закрытым рэжыме, але на агалошванне рэзалютыўнай часткі пасля пісьмовых заяў і хадайніцтваў дапусцілі сваякоў падсудных. Анатоль Гатоўчыц прыехаў на вуліцу Кніжную даведацца ў сваякоў пра вынікі ледзь не паўгадовой судовай эпапеі. І як толькі ён з’явіўся на вуліцы Кніжнай, яго затрымалі людзі ў цывільным і перадалі супрацоўнікам АМАП, а ўжо тыя даставілі журналіста ў Цэнтральны РАУС, дзе і быў згатаваны адміністрайцыйны пратакол пра несанкцыянаваны пікет.
Пісаў пратакол старшы ўчастковы інспектар Цэнтральнага РАУС, капітан міліцыі Арцём Жаўняк. У ім сказана, што Анатоль прыйшоў на Кніжную «з мэтай публічнага выражэння грамадска-палітычных поглядаў з выкарыстаннем ахоўнай маскі з надпісам «За свабодныя выбары» ажыццявіў публічную дэманстрацыю няпэўнаму колу асоб сваёй грамадска-палітычнай пазіцыі чым ажыццявіў незаконнае пікетаванне без дазволу Гомельскага гарвыканкама» (стыль і пунктуацыя захаваны).
Услед за гэтым журналіста адвезлі ў суд Цэнтральнага раёна, дзе суддзя Сяргей Кармановіч пастанавіў аштрафаваць Гатоўчыца за недазволены пікет на 20 базавых велічынь, што складае 580 рублёў. Журналіст не пагадзіўся з такім рашэннем.
Калі «не да законаў»
У касацыйнай скарзе ў абласны суд Анатоль нагадаў, што калі ён, як сказана ў міліцэйскім пратаколе, праз медыцынскую маску «публічна выражаў грамадска-палітычныя погляды», то, паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Прызнанне чалавека і яго годнасці, роўных і неад’емных правоў служаць асновай свабоды, справядлівасці і ўсеагульнага міру. Гэта замацавана і ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь. Карыстанне гэтымі правамі не падлягае ніякім абмежаванням, апроч тых, якія неабходны ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай альбо грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва альбо абароны правоў і свабод іншых асоб. Надпіс на ахоўнай медыцынскай масцы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ні на што з вышэйсказанага не пасягае.
Апроч таго, раённы суд праігнараваў неадпаведнае адлюстраванне ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні надпісу на медыцынскай масцы. У ім з фразы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прыбраны назоўнік «праваабаронцы», каб выглядала, быццам бы журналіст ад свайго імя дэманстраваў «няпэўнаму колу асоб сваю грамадска-палітычную пазіцыю, чым ажыццявіў незаконнае пікетаванне».
Больш за тое, як наогул можна штосьці дэманстраваць публічна, калі шрыфт надпісу на ахоўнай масцы складае 4 міліметры па вышыні — літары такога памеру не паказваюць нават у кабінеце афтальмолага падчас праверкі зроку, паколькі яны надзвычай дробныя.
Суд першай інстанцыі адхіліў таксама хадайніцтва наконт выкліку ў якасці сведак супрацоўнікаў АМАП, якія бачылі ў Гатоўчыца пасведчанне журналіста «Народнай Волі» і забіралі яго з пустыннай вуліцы Кніжнай, дзе, апроч міліцыі, не было мінакоў, не кажучы ўжо пра грамадзян з маноклямі, павелічальнымі шкельцамі альбо біноклямі, каб чытаць надпіс на масцы. Усё гэта пацвярджае адсутнасць атрыбуцыйных прыкмет пікета, пра якія гаворыцца ў законе. Відавочна, што ў парушэнне артыкула 2.10 ПВКаАП 92–3 усебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання абставін нібыта ўчыненага журналістам адміністрацыйнага парушэння не было.
— У абласным судзе падчас разгляду касацыйнай скаргі я дадаў, што для публічнага выказвання сваіх палітычных поглядаў у мяне ёсць куды больш эфектыўная і дзейсная трыбуна — газета «Народная Воля», а не ахоўная маска з надпісам, — заўважае Анатоль Гатоўчыц. – На вуліцу Кніжную 14 снежня я прыйшоў паводле задання рэдакцыі. У міліцыі нават не склалі пратакол пра тое, што ў мяне забралі «прадмет правапарушэння» — маску, што абараняе ад каранавіруса, з надпісам. Выглядае, што няёмка было паказваць у судзе такі «прадмет правапарушэння». Да таго ж у міліцыі супрацоўнікі крымінальнага вышуку найперш правяралі мае тэлефон, дыктафон, фотаапарат на наяўнасць так званых дэструктыўных телеграм-каналаў. І калі ўжо яны заявілі, што ў мяне «нічога няма», участковыя хуценка «вымучылі» адміністрацыйны пратакол пра пікет, у якім нават біяграфічныя звесткі паблыталі: Ляхавіцкі раён, дзе я нарадзіўся, запісалі ў Гомельскую вобласць. Раённы суд дубліраваў нават і гэтую недарэчнасць.
Абласны суд у асобе суддзі Руслана Царука, выслухаўшы тлумачэнні журналіста, пасля пяціхвіліннага знаходжання ў так званым дарадчым пакоі вырашыў, што няма падстаў для адмены пастановы суда першай інстанцыі. Пастанова на штраф набыла юрыдычную моц.
Маскі насіў больш за год
Анатоль дадае, што маскі з надпісам яшчэ ў маі 2020 года дзясяткамі раздавалі валанцёры, калі дапамагалі насельніцтву бараніцца ад CОVID-19. Журналіст больш за год хадзіў у іх, у тым ліку ў суды, рэгіянальныя структуры Следчага камітэта, сустракаўся з супрацоўнікамі міліцыі. Такія маскі Анатоль надзяваў і дома, калі да яго ў 2021 годзе двойчы прыходзілі сілавікі з ператрусам: у лютым — на падставе санкцыі на той час намесніка генеральнага пракурора Беларусі Дзмітрыя Гары, у ліпені — з санкцыі пракурора Гомеля Юрыя Булынкі.
Маскі супраць кавіду з надпісам, пра якія вядзецца гаворка, — баваўняныя. Пасля трох аперацый на гартані, якія журналісту Гатоўчыцу зрабілі ў Мінску, яму ў баваўняных масках лягчэй дыхаецца, чым у тых, што зроблены са штучнай тканіны. Прэтэнзій ніхто ніколі не выказваў ажно да прыходу журналіста на суд над палітвязнямі.