Казахстан можа прыпыніць вяшчаньне расейскіх тэлеканалаў
Нацыянальны апэратар сувязі Казахстану «Казахтэлекам» ужо ў сьнежні можа спыніць рэтрансьляцыю чатырох эфірных расейскіх тэлеканалаў. Прычына — новае павелічэньне кошту правоў за рэтрансьляцыю.
Улады Казахстана афіцыйна абвясьцілі, што могуць прыпыніць вяшчаньне расейскіх тэлеканалаў «НТВ-Мір», «РТР-Планета», «Расея-24» і «Расея-Культура», прычым ужо ў сьнежні 2017 году.
Гэтыя тэлеканалы ўваходзяць у пералік абавязковых агульнадаступных тэлеканалаў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і распаўсюджваюцца ў Расеі без зьбіраньня платы за іх рэтрансьляцыю. У шэрагу краін на постсавецкай прасторы апэратары платнага тэлебачаньня таксама раней не плацілі за выкарыстаньне кантэнту гэтых каналаў. Але для Казахстана было зроблена выключэньне. Рэтрансьляцыя чатырох каналаў на яго тэрыторыі была платнай, і кошт паслугі нядаўна чарговым разам вырас.
У Казахстане папярэджваюць, што павышэньне кошту правоў на рэтрансьляцыю прывядзе да росту коштаў за паслугі кабэльнага ТБ для абанэнтаў нацыянальнага апэратара сувязі «Казахтэлекам». Але фармальна ўлады Казахстана адсунулася ад вырашэньня гэтага пытаньня.
«Тэлеканалы хочуць падняць тарыфы на паказ сваёй прадукцыі на тэрыторыі Казахстану. Цяпер ідзе перамоўны працэс з гэтай нагоды. Гэта прыватныя ўзаемаадносіны паміж тэлеканаламі і апэратарамі кабэльных сетак», — заявіў міністар інфармацыі і камунікацыі Казахстану Даурэн Абаеў.
Па інфармацыі «Прававога мэдыя-цэнтру», казахстанскі тэлеглядач сёньня аддае перавагу менавіта расейскім тэлеканалам: казахстанскае тэлебачаньне ня можа скласьці ім канкурэнцыю.
«Некалькі гадоў таму наша арганізацыя праводзіла апытаньне насельніцтва, якія каналы глядзяць казахстанцы. І, на жаль, на першых месцах ідуць» Расея «, Першы канал, — заўважае мэдыя-юрыст Гульміра Біржанава. — Чаму насельніцтва глядзіць Першы канал? Таму што нашы каналы абсалютна не канкурэнтаздольныя».
Біржанава лічыць, што казахстанскі тэлеглядач сёньня знаходзіцца пад уплывам расейскай прапаганды.
Вось ужо амаль два гады ў Казахстане дзейнічаюць папраўкі да закону «Аб тэлерадыёвяшчаньні», якія забараняюць рэкляму на платных каналах. Калі законапраект прымаўся ў парлямэнце, уласьнікі кабэльных апэратараў асьцерагаліся, што расейскія тэлеканалы праз гэта пойдуць з казахстанскага рынку. Але гэтага не адбылося.