• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Казалі, што пакт Молатава — Рыбэнтропа — падман». Гісторыі двух палякаў, якія ў жніўні зазналі катаваньні беларускіх сілавікоў

    Палякі Вітальд Дабравольскі і Каспэр Сяніцкі прыехалі ў Беларусь напярэдадні выбараў, каб задакумэнтаваць падзеі ў сталіцы. 10 жніўня іх затрымалі і жорстка пабілі супрацоўнікі АМАПу. Гэтае здарэньне расьсьледуе польская пракуратура. Свае гісторыі палякі расказалі Свабодзе.

     «Узровень масавага гвалту шакаваў. Я ня мог уявіць, што затрыманьні будуць такія жорсткія. Перад візытам у Беларусь думаў, што мяне ня будуць біць, магчыма, толькі тэхніку пашкодзяць. А атрымалася зусім наадварот», — расказвае фотарэпартэр Вітальд Дабравольскі.

    Вітальд, які пасьпяхова асьвятляў вайну на Данбасе і пратэсты ў Ганконгу, прызнаецца: з такім стаўленьнем да журналістаў сутыкнуўся ўпершыню.

    Вітальд Дабравольскі

    Увечары 10 жніўня 28-гадовы Вітальд Дабравольскі разам з 24-гадовым турыстам Каспэрам Сяніцкім (абодва — выпускнікі Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту) выйшаў з кавярні ў цэнтры Менску, каб накіравацца да месца падзей. Аднак далёка не адышлі. Іх атачылі супрацоўнікі АМАПу. Праверыўшы рэчы і дакумэнты, хлопцаў пасадзілі ў міліцэйскі бус, дзе Вітальда зьбілі да страты прытомнасьці. Пазьней, ужо аўтазакам, іншаземцаў даставілі ў Фрунзэнскі РАУС.

    Па словах Вітальда, яны разам з сотнямі іншых людзей праходзілі праз строй міліцыянтаў з дручкамі, зь іх зьдзекаваліся, іх запалохвалі. Усё гэта працягвалася зь вечара да 15 гадзін наступнага дня.

    «Нас білі ў тым ліку за нашу нацыянальнасьць. Супрацоўнікі міліцыі ўказвалі на тое, што ў Польшчы разьвітая антыкамуністычная гістарычная палітыка, што мы фальсыфікуем гісторыю. Пыталіся, хто выйграў Другую сусьветную вайну, прычым любы адказ лічылі няслушным. Неаднаразова ў наш бок гучала „пшэкі“, „п…ары“. Мы пачулі шмат пагардлівых слоў, ненарматыўнай лексыкі», — расказвае Каспэр.

    Фота Вітальда Дабравольскага зь Менску 9 жніўня

    «Як малітву паўтараць: найлепшы прэзыдэнт у сьвеце — Лукашэнка»

    Самым цяжкім выпрабаваньнем для хлопцаў было 5‑гадзіннае стаяньне на каленях каля сьцяны, з галавой у падлогу, рукі за сьпінай.

    «Затрыманыя былі зусім бязь сіл. Калі хтосьці не вытрымліваў, яго зьбівалі. Шакавала тое, што, пакуль мы знаходзіліся ў такім становішчы, супрацоўнікі не зьвярталі ўвагі на стан здароўя чалавека. Можа, у кагосьці была апэрацыя на каленях? — задаецца пытаньнем Каспэр. — Нават калі чалавек ляжаў увесь у крыві, нікому да гэтага не было справы».

    Паводзіны сілавікоў падчас затрыманьня Вітальд ацэньвае як нічым не абмежаваныя.

    «Яны былі як шалёныя сабакі, якія сарваліся з ланцуга. Затрыманы мусіў угадаць, што мае наўме кожны з гэтых вылюдкаў, як будзе сябе паводзіць. Калі людзі ўжо не маглі стаяць на каленях і прасілі аб міласэрнасьці, міліцыянты загадалі, як малітву, паўтараць адказ на пытаньне: „Хто найлепшы прэзыдэнт у сьвеце і ў Беларусі?“. Казалі: „Вы ня вартыя павагі, бо зьнішчаеце горад, які мы абараняем“, — сьведчыць фотарэпартэр. — У іх паводзінах была бачная перш за ўсё лютасьць ад любых малых перамог пратэстоўцаў у сутычках зь сілавікамі. Яны помсьцілі нам за гэта».

    Фота Вітальда Дабравольскага зь Менску 9 жніўня

    «Прыехалі каляровую рэвалюцыю ладзіць?»

    Польскім гасьцям здалося, што жорсткае стаўленьне міліцыянтаў да затрыманых было загадзя падрыхтаваным сцэнарам. На іх думку, выглядала гэта як «велізарная лягістычная апэрацыя, арганізаваная зьверху».

    12 жніўня ў перапоўненым аўтазаку абодвух ужо везьлі ў сьледчы ізалятар турмы № 8 у Жодзіне. Вітальд сьцьвярджае, што ў той момант палохала невядомасьць. У галаве прамільгнула думка: «Няўжо польскага журналіста могуць вывезьці, напрыклад, у лес?». Верыць у гэта не хацелася.

    «На шляху ў ізалятар мы ехалі ў вельмі нязручных пазыцыях. Адзін чалавек сядзеў зьнізу, а другі ледзь не на ягоных плячах. Амапавец аднаму з затрыманых сказаў: „На паляка можаш нават насцаць“. Пазьней задаваў пытаньні: „Навошта сюды прыперліся?“, „Чаго вам у хаце не сядзіцца?“, „Прыехалі каляровую рэвалюцыю ладзіць?“. Прымушалі нас гэта пацьвердзіць», — кажа Каспэр Сяніцкі.

    Фота Вітальда Дабравольскага зь Менску 9 жніўня

    З пачутых размоваў супрацоўнікаў АМАПу ў яго склалася ўражаньне, што сілавікоў ідэалягічна апрацавалі.

    «Яны верылі, што пратэстоўцы атрымлівалі грошы, стараліся нас у гэтым пераканаць. У іх размовах прасьлізгвала рыторыка Лукашэнкі на тэму Польшчы і пытаньняў дзяржаўнай бясьпекі».

    Сваё двухдзённае знаходжаньне ў камэры жодзінскага ізалятара Каспэр і Вітальд апісваюць станоўча: была вада, ежа, туалет. Пасьля папярэдняга дня катаваньняў, па іх словах, гэтага было больш чым дастаткова.

    «Сукамэрнікі прасілі прабачэньня»

    «Сукамэрнікі ўзрадаваліся, што зь імі сядзіць польскі журналіст. Аднак многіх дзівіла, што стаўленьне да замежных грамадзянаў такое ж, як і да іх — аднолькава жорсткае. Частка беларусаў прасілі прабачэньня, шкадуючы, што так адбываецца ў іх роднай краіне», — успамінае Вітальд Дабравольскі.

    Фота Вітальда Дабравольскага зь Менску 9 жніўня

    Палякаў не судзілі, бо не было перакладчыка. 13 жніўня іх вывелі з камэры. Сказалі забраць рэчы, якія, надзіва, былі ў парадку. На карце памяці ў фотаапараце нават засталіся фатаздымкі. На выхадзе, ля брамы, іх чакаў польскі консул.

    «У Польшчы аб’ядналася шмат сілаў, каб нас выцягнуць — сямʼя, урад, апазыцыйныя палітыкі, паслы, парлямэнтары, асацыяцыі журналістаў, як нашы, так і міжнародныя, адвакаты, самі беларусы, нават выкладчыкі з нашага ўнівэрсытэту», — расказваюць суразмоўцы.

    Адразу пасьля вызваленьня Каспэр і Вітальд даведаліся з тэлефонных званкоў ад родных, што іх затрыманьне і беларускія пратэсты сталі аднымі з галоўных тэмаў у польскіх мэдыя. Сваю першую ноч на волі яны правялі ў рэзыдэнцыі пасла. На наступны дзень у іх ужо былі квіткі на рэйс у Варшаву. Вітальд сьцьвярджае, што з‑за сіняка пад вокам падчас праходжаньня пагранічнага кантролю супрацоўнікі КДБ выклікалі яго на хуткі допыт, пасьля чаго загадалі выдаліць здымкі. Ён, праўда, загадзя паклапаціўся, каб іх захаваць.

    Фота Вітальда Дабравольскага зь Менску 9 жніўня

    «Буду заўзець за перамогу беларусаў»

    Палякі прызнаюцца, што пасьля вызваленьня іх не пакідалі думкі пра былых сукамэрнікаў. Зь імі яны падтрымліваюць кантакт і да сёньня.

    «У Жодзіне са мной сядзеў інвалід другой групы, які нават не да канца разумеў сытуацыю. Яму каля 20, але разьвіцьцё на ўзроўні малалетняга дзіцяці. Хлопца затрымалі каля крамы. У выніку на судзе, які доўжыўся ўсяго пару хвілін, яму далі 10 сутак. Для мяне гэта стала шокам», — успамінае Каспэр Сяніцкі.

    Каспэр Сяніцкі ў Менску 8 жніўня

    Пасьля вяртаньня ў Польшчу ён стаў адным з каардынатараў дапамогі рэпрэсаваным беларусам у фондзе «Беларускі дом у Варшаве» — кансультаваў іх, забіраў з вакзалу, дапамагаў з арганізацыяй трансфэру ў санаторыі. Кажа, што да гэтага моманту «ўцягнуты ў беларускую рэвалюцыю».

    Сёньня суразмоўцы працягваюць сачыць за падзеямі ў Беларусі, і падкрэсьліваюць, што прыедуць адразу ж, як толькі зьменіцца рэжым. У хуткім канцы кіраваньня Лукашэнкі яны ўпэўненыя.

    «Памятаю, як мне сказаў амапавец: „Гэта наша беларуская гасьціннасьць“, — сьмеючыся, расказвае Каспэр Сяніцкі. — Але на самой справе Беларусь зрабіла на мяне пазытыўнае ўражаньне. Я люблю беларусаў, заўсёды буду іх падтрымліваць і заўзець за іх перамогу. У тым, што з намі здарылася, віна арганізаванай злачыннай групы, якая тэрарызуе народ. Гэта ж не сапраўдныя беларусы, а лукашысты».

    Сёньня справай катаваньняў Дабравольскага і Сяніцкага займаецца польская пракуратура. І хоць дэталі сьледзтва палякі пакуль раскрываць ня могуць, але запэўніваюць, што яно атрымае міжнародную агалоску.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці