КДБ цікавіцца блогерам Дзянісам Радзевічам
Блогеру Дзянісу Радзевічу вярнулі тэхніку, адабраную яшчэ падчас чэрвенскіх перадвыбарчых акцый у Гродне.
Дзяніс Радзевіч напісаў заяву ў аддзел унутранных спраў Ленінскага раёна Гродна з просьбай вярнуць яму разбіты тэлефон і іншае адабранае абсталяванне. Паводле блогера, тэлефон вырваў у яго з рук супрацоўнік міліцыі, калі ён вёў стрым.
Напрыканцы снежня Радзевіч атрымаў адказ, што можа прыйсці і забраць свае рэчы. На той момант хлопец ляжаў у гродзенскім кардыядыспансеры, таму тэхніку забраў крыху пазней. “Вярнулі ўсё — тэлефон разбіты, астатняе ў працоўным стане”, — кажа блогер.
За месяц пакуль Радзевіч знаходзіўся на лячэнні, да яго тройчы прыходзілі прадстаўнікі ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці. Дзяніс кажа, што яны спрабавалі завесці на яго справу ў звязку з “масавымі беспарадкамі”, якія адбывалісяў Лідзе ў лістападзе–снежні 2020 года. Даводзілася штораз тлумачыць, што ў гэты час ён знаходзіўся ў лякарні ў Гродне.
Агулам ўлетку 2020 года блогер адседзеў больш за месяц па розных ІЧУ Гродзенскай вобласці. Раней Радзевіч супрацоўнічаў з YouTube-каналам “Ліда для жыцця”.