• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кіраўніцтва «Белсату» адказала на абвінавачванні ва злоўжыванні

    Паводле звестак польскага радыё «Zet», ліквідатар TVP падаў у акруговую пракуратуру Варшавы заяву аб фінансавым злоўжыванні былой дырэктаркай «Белсату» Агнешкай Рамашэўскай-Гузы. Дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў гэта.

    Архіўнае фота. Аляксей Дзікавіцкі, выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату», адказвае на пытанні журналістаў падчас прэсавай канферэнцыі. Варшава, Польшча. 20 сакавіка 2024 года

    Як даведалася радыё «Zet», заява ліквідатара TVP датычыць фінансавых парушэнняў, невыканання абавязкаў і злоўжывання паўнамоцтваў. Падазрэнні вынікалі з вынікаў аўдыту, які паказаў пераплату за IT-паслугі, праз якія TVP магла страціць каля 7 млн злотых (на сёння гэта каля 1,78 млн долараў). Паводле аўдытараў, як перадае «Zet», кіраўніцтва «Белсату» замаўляла IT-паслугі без тэндару і аналізу рынку ў фірмаў, якія не мелі адпаведнага досведу і нібыта былі нават створаныя спецыяльна пад канкрэтную замову. Акрамя таго, паводле аўдытараў у пераказе «Zet», пэўныя паслугі дубляваліся.

    «У мяне няма ніякай інфармацыі пра нібыта злоўжыванні пры замове IT-паслугаў „Белсатам“, – пракаментаваў гэта выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі. – Я ніколі не курыраваў тэхнічных пытанняў, але з рацыі пасадаў, якія займаў на тэлеканале, пра магчымыя парушэнні хутчэй ведаў бы, і, гэта відавочна, не было б на нешта падобнае маёй згоды. Перакананы, што адпаведныя дзяржаўныя органы гэта пацвердзяць».

    Таксама сітуацыю пракаментавала Агнешка Рамашэўская-Гузы, сузаснавальніца і першая дырэктарка «Белсату», якая ўзначальвала канал да сакавіка 2024 года. Яна перадала медыям заяву, у якой абурылася распаўсюдам інфармацыі пра падазрэнні ў злоўжыванні і «абсурднай» сумай 7 млн злотых, паходжання якой яна не можа зразумець. Рамашэўская-Гузы запатрабавала спыніць паклёп і публікацыі аб меркаваных злачынствах, якія без судовай праверкі вінавацяць яе ў раскраданні сродкаў «Белсату».

    Яна заяўляе, што кантракты і замовы былі аплачаныя «адпаведна працэдурам, якія ўжываюцца ў TVP, а рашэнні звычайна таксама перадаваліся праз іншыя падраздзяленні кампаніі», а сродкі на IT-паслугі не ўтойваліся, а былі абвешчаныя ў бюджэце каналу, зацверджаныя праз Бюро кантролю і рэструктурызацыі і пазначаныя ў гадавых справаздачах Міністэрству замежных справаў. Акрамя таго, Рамашэўская-Гузы нагадала пра хакерскія атакі на IT-інфраструктуру «Белсату» – сістэмы і сайты «Белсату» зламаць не ўдалося, збудаваныя для «Белсату» сістэмы аказаліся надзвычай трывалыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці