Кірыл Сілівончык: У расейскай калоніі мяне ахоўваў беларус
Адно з першых інтэрв'ю на свабодзе асуджаны ў Расіі за падтрымку Украіны Кірыл Сілівончык даў charter97.org.
Грамадзянін Беларусі Кірыл Сілівончык, які адседзеў два гады ў Расейскай Федэрацыі за запісы ў сацыяльных сетках у падтрымку Украіны, учора вярнуўся ў Беларусь.
Сілівончык прыляцеў у Менск позна ўвечары 21 снежня з Масквы. Яго сустракалі журналісты і сястра Кацярына.
У інтэрв’ю Сілівончык распавёў, што з ізалятара для замежнікаў яго везлі 9 гадзін у кайданках.
— Якія першыя ўражанні ад Беларусі? Як дабіраўся да Менска?
— Даехалі без затораў [смяецца]. З Ніжняга Ноўгарада да аэрапорта ў Маскве ехалі дзевяць гадзін, зрабіўшы па шляху толькі адзін прыпынак. Без ежы, без нічога. Увесь гэты час я быў у кайданках. Іх знялі толькі ў аэрапорце — дагэтуль усё баліць.
— Ці стаў нечаканасцю для цябе арышт за запіс у падтрымку Украіны ў снежні 2014 года?
— Я нават не ўяўляў, што такое можа адбыцца. Тым больш, не думаў аб тым, што за запіс у сацыяльнай сетцы могуць распачаць крымінальную справу, судзіць і даць рэальны тэрмін. Трэба было быць разумнейшым і сачыць за тым, што пішаш на сваёй старонцы.
— Ты адбываў пакаранне ў калоніі «Сухабязводнае», якая вядомая сярод расейскіх праваабаронцаў жорсткімі парадкамі…
— Гэта адна з самых жорсткіх і сур’ёзных калоній у Ніжагародскай вобласці, там было шмат катаванняў у свой час. Але калі я прыехаў, стала крыху лягчэй. Нікога не збівалі, ставіліся паважліва. Пагроз або ціску ў мой адрас таксама не было. Дарэчы, начальнік калоніі — беларус з Гомельскай вобласці.
— Ці аказвалі дапамогу супрацоўнікі беларускай амбасады?
— Амбасада Беларусі дапамогі не аказвала. Толькі калі да этапу ў калонію заставаўся адзін дзень, прыйшоў консул. Ён пацікавіўся, як у мяне справы, і дзе я буду адбываць пакаранне. Больш ніякай падтрымкі або інфармацыі ад амбасады не было.
Ужо пасля таго, як я выйшаў з калоніі і мяне змясцілі ў ізалятар для замежнікаў, яны, вядома, курыравалі пытанні, звязаныя з маім месцазнаходжаннем і дэпартацыяй.
— Ці атрымліваў ты лісты, адчуваў падтрымку і салідарнасць?
— Хацелася б падзякаваць усім за ўвагу, за тое, што знайшлі і апублікавалі інфармацыю аб тым, што са мной здарылася. Гэта было нечакана, вядома, але вельмі прыемна. Дзякуючы журналістам і неабыякавым людзям вакол гэтай справы падняўся шум, які і прыцягнуў увагу да мяне. Менавіта гэта прымусіла ўмяшацца і супрацоўнікаў амбасады.
Так, мне вельмі шмат пісалі, асабліва ў першыя месяцы зняволення. Такой колькасці лістоў дзівіліся і мае турэмшчыкі. Пісалі напэўна з любога пункту Еўропы — лісты прыходзілі з Нарвегіі, Літвы, Нямеччыны, Украіны, Беларусі, нават з Ліхтэнштэйна. Я ўсім вельмі ўдзячны за такую вялікую падтрымку. Было вельмі прыемна.
— Чым збіраешся займацца на радзіме?
— Пакуль не ведаю. Зараз хочацца проста адпачыць, бо цягам апошніх гадоў мне давялося перажыць не самае лепшае. Будзе відаць. Цягам пяці гадоў ўезд у Расею мне забаронены, таму вярнуцца туды, нават пры наяўнасці такога жадання, я не змагу.
Думаю, што мне яшчэ трэба будзе сустрэча з нашымі спецслужбамі. Не ведаю, чым яна скончыцца, але будзем спадзявацца на лепшае.