Кнігу журналісткі Алены Струвэ пра турэмнае жыццё прэзентавалі ў Барысаве
Творчая сустрэча сябраў мясцовай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з аўтаркай цыкла перадач “Свабода ў турмах” на “Радыё Свабода” Аленай Струвэ адбылася 5 кастрычніка ў памяшканні рэдакцыі недзяржаўнай газеты “Борисовские новости”. Журналістка прэзентавала барысаўскім калегам сваю апошнюю кнігу “Турма, мужчына й жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі”.
Кніга складзеная з дакументальных споведзяў людзей з крымінальным досведам. Шматлікія і разнастайныя тэмы, якія дазваляюць зазірнуць у залюстроўе беларускага турэмнага жыцця, шакуюць чытача падрабязным і непасрэдным апісаннем.
“Ці трэба рэфармаваць пенетэнцыярную сістэму Беларусі і якім чынам?”, “Як дапамагчы людзям, якія прайшлі турму, сацыялізавацца?”, “У чым адрозненне турмы ў нас ад турмы ў “цывізаваным свеце”? – гэтыя і іншыя актуальныя пытанні задавалі і абмяркоўвалі ўдзельнікі сустрэчы. Напрыканцы яе барысаўскія бажаўцы атрымалі кнігі Алены Струвэ з аўтарскім аўтографам.
У 2014 г. за перадачу “Свабода ў турмах” сябра ГА “БАЖ” Алена Струвэ была ўзнагараджана нацыянальнай праваабарончай прэміяй “Журналіст года”.