«Комсомольская правда» дасюль не атрымала афіцыйнага паведамлення аб блакаванні сайта
Рэдакцыя «Комсомольской правды в Беларуси» паведаміла, што працягвае разьбірацца ў сытуацыі, якая склалася вакол блякаваньня сайта kp.by.
У рэдакцыі адзначаюць, што на гэты момант дасюль не атрымалі афіцыйнага паведамленьня аб абмежаваньні доступу да рэсурсу. Пры гэтым падкрэсьліваюць, што гатовыя ліквідаваць парушэньні, выяўленыя ў публікацыі выданьня дзяржаўнымі органамі.
«Наша рэдакцыя дзейнічае ў рэчышчы збалянсаванай інфармацыйнай палітыкі, максымальна ўлічваючы ўвесь тэматычны спэктар інфармацыйнага поля Беларусі. Журналісты „КП“ заўсёды працавалі для таго, каб даносіць максымальна поўную інфармацыю да сваіх чытачоў, імкнучыся быць пры гэтым першымі сярод калегаў. Такія рэаліі журналісцкай працы. Нам шкада, што гэты прынцып працы прывёў да зьяўленьня тэксту, які выклікаў нэгатыўную ацэнку», — гаворыцца ў паведамленьні рэдакцыі.
29 верасьня Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайту беларускай «Камсамолкі». У Мінінфарме абгрунтавалі рашэньне тым, што на сайце kp.by зьявілася публікацыя, у якой «утрымліваюцца зьвесткі, якія садзейнічаюць фармаваньню крыніцаў пагрозы нацыянальнай бясьпекі, якія заключаюцца ў штучным нагнятаньні напружанасьці і супрацьстаяньня ў грамадзтве, паміж грамадзтвам і дзяржавай».
Напярэдадні КП апублікавала камэнтар аднаклясьніцы забітага Андрэя Зельцэра, у якім яна станоўча пра яго выказалася. Гэта выклікала абурэньне праўладных тэлеграм-каналаў. Пасьля гэтага КП зьмяніла акцэнты ў матэрыяле. Паводле кіраўніка расейскай газэты «Комсомольская правда» Ўладзіміра Сунгоркіна, беларуская рэдакцыя «цалкам добрасумленна» асьвятляе сытуацыю ў краіне, а замест гэтага ўлады ўжо больш за год забараняюць распаўсюджваць і друкаваць выданьне.