• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Краіна як абложаная крэпасьць». Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» пра блякаваньне беларускай вэрсіі сайту газэты

    Паводле кіраўніка расейскай газэты «Комсомольская правда» Ўладзіміра Сунгоркіна, беларуская рэдакцыя «цалкам добрасумленна» асьвятляе сытуацыю ў краіне, а замест гэтага ўлады ўжо больш за год забараняюць распаўсюджваць і друкаваць выданьне.

    Уладзімір Сунгоркін у эфіры праграмы «Утренний Мардан» на «Радио Комсомольская правда» расказаў слухачам, што ад 29 верасьня доступ да сайту беларускага выпуску выданьня заблякаваны на рашэньне Міністэрства інфармацыі Беларусі.

    «Год таму спынілі друкаваць у Беларусі нашу газэту, забаранілі вядучым сеткам распаўсюджваць наклад. Краіна становіцца ўсё больш абложанай крэпасьцю паводле палітычнай стылістыкі. Там усё больш жорстка, жорстка і жорстка», — заявіў галоўны рэдактар «Комсомольской правды».

    «Я думаю, што гэта здарылася з‑за нататкі, якую мы апублікавалі ў 22 гадзіны. Матэрыял пра айцішнікаг, які застрэліў з паляўнічай стрэльбы супрацоўніка КДБ пры штурме кватэры. У гэтай нататцы ёсьць камэнтар аднакласьніцы аб загіблым супрацоўніку IT-кампаніі. Па словах дзяўчыны, загінулы хлопец стараўся быць незалежным, заўсёды выбіраў праўду і справядлівасьць. Усяго два абзацы з добрай характарыстыкай хлопца вырашылі лёс выданьня. У прынцыпе, у Беларусі ўжо гэтага дастаткова для таго, каб закрыць найбуйнейшы інфармацыйны рэсурс, – выказаўся Сунгоркін у размове з Telegram-каналам «Радыёкропка НСН».

    Галоўны рэдактар «КП в Беларуси» Сяргей Трафілаў ад камэнтароў з нагоды блакаваньну сайта пакуль устрымліваецца.

    «Разьбіраемся ў сытуацыі», – сказаў ён БелаПАН.

    Таксама кіраўнік расейскай рэдакцыі выданьня Уладзімір Сунгоркін адзначыў, што беларускі сайт стараўся быць «гранічна карэктным».

    «Я вам выдам таямніцу: нататка ў тым выглядзе была на сайце роўна 3 хвіліны — ад 22:04 да 22:07. За гэты час рэдактар убачыў, што яна не зусім адпавядае поўнаму ўяўленьню пра гэтую гісторыю, таму перарабіў, замяніў загаловак. Але паколькі ў рэспубліцы вельмі жорстка кантралююць мэдыя, хапіла і тых хвілін. За гэты час публікацыя трапіла да ўсіх, каму трэба, і пайшла хваля, што мы нібыта абяляем злачынцу, бандыта, ліхадзея», — расказаў Уладзімір Сунгоркін.

    На ягонае перакананьне, у Беларусі рэалізуецца жорсткая дзяржаўная палітыка дзеля ўсталяваньня поўнага кантролю за ўсімі СМІ. У рамках гэтага нэўтралізацыя незалежнага ад улады мэдыяканалу выглядае цалкам лягічна, падсумаваў ён.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці