“Лёс яркі, як у зоркі”
Пра Паўла Шарамета і яго трагічны сыход гутарым з тэлежурналістам, рэжысёрам-дакументалістам Леанідам Міндліным і палітыкам Паўлам Севярынцам.
Пра Паўла
Леанід Міндлін: Усё яго “тэлевізійнае” жыццё прайшло ў мяне на вачах. Калі ў сярэдзіне 1990‑х на Беларускім тэлебачанні была студыя “Палітыка”, мы на заканчэнне тэлевізійнага тыдня далі ім (тэлекампаніі “Фіт”, якая рабіла праграму “Праспект” — заўв. рэд.) эфір. Дагэтуль іх цыклавую праграму “ганялі па эфіру”. Тады гэтая праграма стала вельмі папулярнай, прычым дзякуючы Шарамету.
У ім нібыта ўсё спалучылася: уменне знайсці тэму, інфармацыю, вельмі добразчлівы імідж як вядоўцы…
Улада яго, безумоўна, спрабавала ўсяляк купіць, улагодзіць. Як кажуць — вока адразу паклала. Калі быў саміт АБСЕ ў Будапешце — гэта быў канец 1994 года, там былі Лукашэнка, Клінтан, Мэйджар, Мітэран, Ельцын, уся эліта, — асвятляць падзею адправілі менавіта групу Шарамета, якая працавала на прыватную тэлекампанію “Фіт”.
У яго былі тут перспектывы кар’ерныя не толькі як тэлежурналіста — ён дакладна мог стаць тварам канала, пасля яго кіраўніком, і яшчэ далей… Але ён выбраў сваю пазіцыю.
Пазней Павел сышоў на ОРТ, і Мінск усяляк дабіваўся ад Масквы, каб там быў “не-Шарамет”. Але на ОРТ на яго паставілі і не пралічыліся. Гэтая тэлевізійная пара — Шарамет і Завадскі — адразу трапіла ў абойму лепшых рэпарцёрскіх каманд. Але бачыце, як лёс склаўся. Абодва сышлі рана, абодва пакінулі яркае ўражанне…
Я вось гляджу на фотаздымкі Пашы ў інтэрнэце — малады чалавек з сівымі валасамі. Але ж колькі паспеў за гэты час! Кнігі,фільмы, лекцыі, артыкулы, актыўная грамадская дзейнасць… Я неяк падумаў: чалавек спяшаўся жыць!
Як прафесіянал, як асоба ён умеў заваяваць давер аўдыторыі. Я ўзгадаў выпадак, калі ў 1998 годзе ён сядзеў у гродзенскай турме. (Пасля рэпартажу з беларуска-літоўскай мяжы — заўв. рэд.) Было зразумела, што яго павінныя выпусціць, бо канфлікт дайшоў да самага “верху” — нават Ельцын і Лукашэнка абмяняліся славеснымі выпадамі з нагоды справы “Шарамета-Завадскага”. І ўсе журналісты чакаюць ля турмы.
Мы тады з аператарам Уладзімірам Андронавым працавалі на тэлевізійнае агенцтва WTN, і яны зацікавіліся гэтай справай. Я сказаў: мы не паедзем у Гродна, бо не выведуць яго праз парадны уваход пад тэлекамеры… Я дамовіўся з бацькам Паўла, каб ён патэлефанаваў нам, калі што. І праўда — у 4 гадзіны раніцы Пашу прывезлі дахаты. Яго, дарэчы, везлі ў кайданках і да апошняга не казалі куды…
Вось мы прыехалі, а 5‑й усё знялі, але ж трэба стужку перадаць у Маскву, у офіс WTN па СНГ. Рэлейная лінія — яшчэ рана, і невядома, ці дадуць. Таму мы паехалі ў арапорт Мінск‑1, знайшлі камандзіра самалёта Як-40 і папрасілі: маўляў, у Маскве вас сустрэнуць, з вамі разлічацца…І даем яму касету.
А ён пытае: “Шарамет, ці што?” Мы ківаем. Ен тады: “Не хвалюйцеся. Нават калі яны самі не прыедуць забраць, я адвязу. Дайце адрас і тэлефон…”
Гэта было не проста спачуванне. Гэта была салідарнасць з незнаёмым чалавекам іншай прафесіі і ацэнка Пашы гледачом, які стаў “яго” гледачом… Вось што самае дарагое ў тым, што ён рабіў.
Пра забойства
Леанід Міндлін: На мой погляд, тут дзве версіі верагодныя. Першае — гэта тое, што адбываецца ва Украіне. Ён мог аказацца на скрыжаванні нейкіх узаемвыключальных інтарэсаў, бо там вельмі складаная сітуацыя. А Паша не ўмеў прыстасоўвацца, у яго была пазіцыя.
А можна шукаць і “расійскі след”. Аб’ект выгадны — расійскі грамадзянін, які працуе ва Украіне. Вось табе і матыў… Я не лічу, што нехта імкнуўся дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне. Яна і так там неспакойная. Забойства журналіста яе не дэстбілізуе.
Але я начыста выключаю “беларускі след”. Ён у апошнія гады бадай не займаўся Беларуссю, і я не думаю, што тут камусьці трэба было нейкія рахункі з ім зводзіць.
Павел Севярынец: Справядлівасць ёсць. І рана ці позна стане ясна, хто замаўляў гэтае забойства і чаму. А пакуль трэба верыць, што Павел пайшоў на Неба і што яму цяпер лепш, чым тут.
Ёсць знакавыя рэчы — і ягоны шлях, такі шчыры, і ягоная смерць, якая ўскалыхвае дзясяткі тысяч людзей. І апошні яго знакавы тэкст, які выглядаў як пэўнае пакаянне перад беларусамі, якім ён, можа, не да канца давяраў…
Гэты яркі сыход, гэтая смерць “на міру” паказвае, што ўсё невыпадкова. Таму — трэба жыць, рабіць тое, што ёсць Боскае, што ёсць людскае, што нясе дабро іншым.
Павел шчыра рабіў гэта, і таму яго лёс яркі, як у зоркі.