• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маці Паўла Шарамета: «Баюся, каб не пацярпелі невінаватыя»

    Людміла Станіславаўна, маці журналіста Паўла Шарамета, падзялілася са Свабодай думкамі пра затрыманьні ў Кіеве падазраваных у забойстве яе сына ў 2016 годзе.

    Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ва ўзросьце 44 гады, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. Павал ад сярэдзіны 1990‑х працаваў на тэлевізіі, у друкаваных выданьнях і на інтэрнэт-рэсурсах Беларусі, Расеі і Ўкраіны. 12 сьнежня Нацыянальная паліцыя Ўкраіны абвясьціла фігурантаў справы аб ягоным забойстве.

     

    «Хацелася б праўды, але наколькі да яе наблізіліся?»

    — Людміла Станіславаўна, ці зьвязваліся з вамі напярэдадні брыфінгу ўкраінскія сьледчыя, прадстаўнікі сілавых структур? Магчыма, спраўджвалі нейкую інфармацыю…

    — Не-не. Пра брыфінг я даведалася абсалютна выпадкова. А наогул дагэтуль гады два не было ніякіх кантактаў — ні на мяне не выходзілі, ні я нікога не турбавала.

    — Хоць і цяжка гаварыць, але ці вы самі верыце, што затрыманыя — гэта якраз тыя людзі, якія маюць дачыненьне да злачынства?

    — Я нічога ня ведаю. Думаю, гэта можа пацьвердзіць ці абвергнуць толькі суд. Адзінае, чаго я вельмі баюся, каб не пацярпелі невінаватыя людзі. Паўла няма, яго ня вернеш… Вядома, хацелася б праўды. Але наколькі да яе наблізіліся, вельмі складана меркаваць.

    — І ва Ўкраіне, і ў Беларусі ўжо чуюцца скептычныя галасы.

    — У тым і справа. Ведаеце, незадоўга да гэтага выйшаў фільм-расьсьледаваньне і, як мне здаецца, пасьля яго прагляду ёсьць над чым задумацца.

    Хоць у гэтай сытуацыі імпануе, што ў прэзыдэнта Зяленскага ёсьць воля гэтым займацца. Ужо другі брыфінг зь яго ўдзелам, людзі гатовыя да адкрытага дыялёгу. З другога боку, расьсьледаваньне не даведзенае да лягічнага завяршэньня, у лепшым выпадку спыніліся дзесьці пасярэдзіне.

    Тады навошта ў такім «сырым» выглядзе рабіць агалоску? Толькі каб паказаць сам працэс? Вядома, я далёкая ад усяго, але ёсьць пытаньні.

     

    «Ад таго, што я даведаюся, лягчэй ня стане»

    — Вы згодныя, што пры новай адміністрацыі ва Ўкраіне зрухі ў справе Паўла больш істотныя, чым дагэтуль?

    — Безумоўна, я за гэта Ўладзіміру Зяленскаму ўдзячная: відаць, што справу не паклалі пад сукно, ёй займаюцца. Такім чынам і ўкраінскаму народу зь яго боку падаецца сігнал: я сур’ёзны чалавек, буду выконваць свае абяцаньні. І гэта варта павагі, малайчына. А вось наконт усяго астатняга ня ведаю, у мяне няма адназначнай думкі.

    — З папярэднім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам вы сустракаліся, але гэтым разам ніякай ініцыятывы няма?

    — Пакуль не, ад імя Зяленскага ніхто не турбаваў. А з Парашэнкам так, сапраўды сустракаліся, двойчы. Я была з унучкай, дачкой Паўла, сабраліся кіраўнікі ўсіх сілавых структураў. Казалі, што расьсьледаваньне не спыняецца, вельмі шмат зроблена. Пастаянна гучала фраза, што гэта справа іхнага гонару — знайсьці замоўцаў і выканаўцаў жахлівага забойства.

    Другі раз запрасілі, калі ад імя Цэнтру абароны журналістаў у Кіеў прыяжджалі экспэрты зь Нью-Ёрку, якія асобна займаліся справай Паўла. Таксама была сустрэча з Парашэнкам і сілавікамі. Фактычна паўтарылі тое ж самае: выпадак складаны, расьсьледаваньне працягваецца. А ўжо пры Зяленскім гэта атрымала такія вось маштабныя памеры. Ва ўсялякім выпадку здаецца вонкава.

    — Можа, варта ініцыяваць сустрэчу са свайго боку — ясна, што вам не адмовяць?

    — Ведаеце, не хачу. Вельмі цяжка зноў і зноў усё пракручваць, вяртацца ў мінулае… Зразумела, я не адмоўлюся, калі захочуць са мной пагутарыць, нешта расказаць. Але сама ініцыяваць ня буду… Ад таго, што я даведаюся, мне лягчэй ня стане. Сына майго няма — вось гэта самае складанае. Усё астатняе ня мае значэньня, мне кожны раз усё цяжэй і цяжэй наноў асэнсоўваць.

    Падазраваныя ў забойстве Паўла Шарамета, фота з брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіна

     

    «Сіла ня ў гвалце, сіла ў праўдзе»

    — Адносным суцяшэньнем хіба тое, што Паўла дагэтуль памятаюць, любяць, паважаюць.

    — І гэта якраз тое, што мяне падтрымлівае: памяць пра яго жывая, Пашка быў добры хлопец, годны чалавек. Я нядаўна была ў Брусэлі на цырымоніі ўганараваньня прэміяй ягонага імя — грамадзянская супольнасьць зьбірала асамблею, і мяне запрасілі яе ўручыць. Было шмат журналістаў, грамадзкіх актывістаў з розных краінаў. Усе надзвычай цёпла згадвалі пра Паўла, было вельмі прыемна.

    І ня толькі на такіх форумах. Неяк ехала ў цягніку, маёй суседкай была жанчына з Харкава. Разгаварыліся, я сказала, хто мой сын. І яна са сьлязьмі гаварыла, што памятае, ведае, бо быў таленавіты журналіст і прыстойны чалавек. Якой маці не было б прыемна пачуць такое пра сваё дзіця?

    — Няўжо Павал быў камусьці непажаданы аж да такой ступені? У вас ёсьць нейкія тлумачэньні?

    — А пра Вераніку Чаркасаву праз столькі гадоў хоць нешта стала вядома? Пра Дзіму Завадзкага? Ну вось і адказ: значыць, камусьці іхная пазыцыя замінала, тыя людзі гатовыя на ўсё… Але ўсё роўна, як пастаянна паўтараў Паша, жыў з гэтай ідэяй: сіла ня ў гвалце, сіла ў праўдзе. Спадзяюся, калі-небудзь гэта зразумеюць і іншыя.

    12 сьнежня на пленарным пасяджэньні Кіеўскай гарадзкой рады было вырашана назваць сквэр у цэнтры гораду ў гонар Паўла Шарамета. Імя журналіста будзе насіць зялёная зона на скрыжаваньні вуліц Рэйтарская і Стралецкая. Адпаведны зямельны ўчастак у Шаўчэнкаўскім раёне быў выбраны паводле папярэдняй дамоўленасьці зь ягонымі сваякамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці