• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маці Паўла Шарамета: Я зразумела, што справа не будзе раскрытая. Вось і ўсё

    У гадавіну смерці Паўла Шарамета Еўрарадыё сустрэлася ў Мінску з яго маці, каб паразмаўляць пра два гады без Паўла, праведзенае расследаванне, сустрэчу з Пятром Парашэнкам і справядлівасць.

    Журналіста і стваральніка сайта «Беларускі Партызан» забілі ў Кіеве два гады таму. Аўтамабіль, у якім ён ехаў на працу, узарвалі. Расследаванне забойства прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка назваў «справай гонару».

    Праз два гады забойства не раскрытае, заказчыкі не названыя, выканаўцы не знойдзеныя. І пра справу Шарамета пачынаюць забываць. Журналісты «Грамадскага» падчас расследавання высветлілі, што за кватэрай Паўла сачылі, і да гэтага спрычыніўся былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны. Але афіцыйных каментарыяў з боку СБУ не паступіла.

    У гадавіну смерці Паўла Шарамета Еўрарадыё сустрэлася ў Мінску з яго маці, каб паразмаўляць пра два гады без Паўла, праведзенае расследаванне, сустрэчу з Пятром Парашэнкам і справядлівасць.

    Людміла Станіславаўна Шарамет

    — Людміла Станіславаўна, прайшло два гады з гібелі Паўла, як вы сябе адчуваеце?

    — Як у першы дзень. Нічога не змянілася. Як і ў першы дзень, калі даведалася, што ён загінуў.

    — Якія гэта пачуцці?

    — Якія гэта могуць быць пачуцці? Пачуццё вялікай страты. Страты твайго самага блізкага чалавека, свайго дзіцяці.

    — Ці змянілася ваша жыццё за гэтыя два гады?

    — Знешне не, вядома. Усё засталося ранейшым. Адзінае, я ўжо сышла з працы, таму што ўзрост, таму што стамілася. Хоць вельмі ўдзячная сваім супрацоўнікам, кіраўніку, які зрабіў усё, каб я як мага даўжэй працавала. А ўнутрана, вядома, змянілася. Такое ўражанне, што я жыву ў нейкім вакууме. Усё, што адбываецца, праходзіць міма мяне, а я ў надзьмутай мыльнай бурбалцы, і толькі сузіраю паток жыцця і людзей і тое, што вакол.

    — Цяпер ёсць нешта, што вас падтрымлівае ўнутрана? У вас ёсць нейкая крыніца радасці?

    — Калі я засталася жыць, значыць, гасподзь для чагосьці пакінуў мяне. Я рада за сваіх унукаў [у Паўла Шарамета двое дзяцей: Лізавета і Мікалай. — Еўрарадыё], я рада за іх поспех, я рада, што яны такія таленавітыя, разумныя людзі. Рада, што ў іх усё добра, таму што гэта таксама маё жыццё, гэта частка майго жыцця. Радуюся сваім блізкім і вельмі ўдзячная сваім родным і сябрам, якія мяне ўсяляк падтрымліваюць. І проста людзі, тыя, якіх я мала ведаю, але я бачу ад іх вельмі шмат цяпла і адчуваю гэта.

    — Вы казалі, што двойчы сустракаліся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Вы можаце расказаць, што было на гэтых сустрэчах, пра што вы размаўлялі?

    — Так, мы двойчы сустракаліся. Гэта былі такія, вядома, няпростыя сустрэчы для мяне і, я думаю, што і не толькі для Парашэнкі, але і для ўсіх адказных за следчы працэс. Я пачула ад іх толькі жаданне раскрыць гэтую справу, што гэта справа іх гонару. І ў Пятра Аляксеевіча таксама — ён увесь час казаў: «Гэта справа майго гонару, і я сапраўды хачу, каб яе раскрылі». Я яму веру.

    — Як вы думаеце, чаму тады цяпер такая сітуацыя, што не зрушваецца нічога з месца, хоць прэзідэнт краіны казаў вам такія рэчы?

    — Не ведаю. Можа быць, нізкі ўзровень прафесіяналізму. Можа быць, вельмі складаная справа, як яны кажуць, і складана раскрыць. Мне хочацца верыць, што нешта ўсё-такі будзе і гэта, можа быць, справа часу. І хацелася б дажыць.

    — А цяпер вы працягваеце кантактаваць з украінскімі чыноўнікамі?

    — Не.

    — Наогул?

    — У нас ёсць адвакат, з якім я адзін раз сустракалася, і яго прысутнасць, і яго высокае прафесійнае імкненне да працы ў гэтай справе, мне дае надзею.

    — Вас трымаюць у курсе расследавання?

    — Не.

    — Гэта значыць, вы кантактуеце толькі праз адваката?

    — І тое, я з ім бачылася адзін раз.

    — А як даўно?

    — Даўно, мне цяжка сказаць, гэта было не менш чым паўгода таму, калі не болей.

    — Як вы думаеце, чаму забойцы Паўла яшчэ не знойдзеныя?

    — Не ведаю. Мне не хацелася б, у сувязі з тым, што ў іх альбо не атрымліваецца, ці ёсць нейкія іншыя прычыны для таго, каб не раскрываць гэтую справу, мне не хацелася, каб пацярпеў хто-небудзь нявінны. Каб паказаць, што вось, мы раскрылі гэтую справу, а на самай справе… Таму што такія прэцэдэнты ёсць. Не ва Украіне. Я не веру, што з Нямцовым вось так вось, і што заказчык невядомы.

    — А ў вас не ўзнікае думкі, што нехта можа быць у гэтым зацікаўлены?

    — Ну калі яго ўзарвалі, то, вядома, у гэтым хтосьці зацікаўлены. Мне проста цікава, хто ж гэты чалавек, хто так баяўся. Я ўжо пра гэта казала, я жыву з гэтым. Як трэба было баяцца і ненавідзець майго сына, каб узяць, і вось так, зверскім чынам, пазбавіць жыцця.

    — Як вы думаеце, а што трэба зрабіць Украіне, для таго, каб расследаванне пайшло хутчэй і больш вынікова?

    — Я не ведаю. Толькі воля. Мне здаецца, што толькі воля. Дакладней, жаданне раскрыць гэтую справу.

    — Як цяпер вашы ўнукі, як яны адаптаваліся да гэтай сітуацыі?

    — Хіба можна да гэтай сітуацыі адаптавацца? Яны жывуць з гэтай стратай. Ім, вядома ж, не хапае бацькі. Яны ўсе былі вельмі дружныя і любілі бацьку.

    — Калі вы збіраецеся, што вы пра яго ўспамінаеце? Можа быць, ёсць нейкі самы яркі успамін?

    — У мяне ўсё ўспаміны яркія, ад нараджэння яго, ад таго, як ён нарадзіўся: вельмі прыгожа, з паднятай рукой, і мне сказалі, што ён прасалютаваў гэтаму жыццю. З гэтага моманту. Я вельмі любіла яго, а як інакш? Бацькі па-іншаму не могуць.

    — Скажыце, а якой бы вы хацелі справядлівасці?

    — Што значыць, «якой справядлівасці»?

    — Калі забойцаў знойдуць, чаго б вы для іх хацелі?

    — Вы ведаеце, няма майго сына. І мне не так важна, што з імі там будзе. Па законе. Калі існуе закон у гэтай краіне, і калі ён працуе, то згодна з законам. Мне чужога жыцця не трэба.

    — А калі казаць аб прызнанні яго заслуг, ці думалі вы, можа быць, прэмію заснаваць? У Беларусі або ва Украіне.

    — Я не ведаю, як ва Украіне. У Беларусі існуе яго сайт, заснавальнікам якога ён з’яўляўся, «Беларускі партызан». Гэта яго праект, гэта справа яго, частка яго жыцця. І гэта вельмі добра. У Польшчы заснаваны фонд імя Паўла Шарамета ў падтрымку і абарону журналістаў Расіі, Украіны, Беларусі і Польшчы. Па-мойму, Расія там таксама гучыць. Ён ужо заснаваны, усе дакументы ёсць, цяпер трэба працаваць. А ва Украіне, па-мойму, у мінулым годзе уручалі нейкаму журналісту прэмію імя Паўла Шарамета. Я не ведаю канкрэтна, але мне здаецца, я пра гэта чула.

    — Скажыце калі ласка, вы глядзелі расследаванне, якое рабіла «Грамадскае»?

    — Так, вядома. Гэта, я лічу, адзін з самых… можа быць, таму што я не чытала справу… А фільм? Вядома, я вельмі ўдзячная стваральнікам. Людзям, якія прарабілі вялікую, сур’ёзную, я і бы сказала з сённяшніх пазіцый, небяспечную працу. Але яны гэта зрабілі адкрыта і вельмі прафесійна.

    — Але чаму журналісты змаглі правесці такую ​​працу, а людзі, якія вялі следства…

    — Вось гэта пытанне не да мяне. Ёсць такое пытанне, але я на яго не адкажу.

    — З Пятром Парашэнкам вы сустракаліся пасля або да?

    — І да, і пасля. І я не казала пра гэты фільм.

    — І ён не згадваў?

    — Не. Я адзінае што спытала: «Вы — гарант, кажаце пра тое, што гэта справа вашага гонару, і хочаце, каб гэтая справа была расследаваная. А вось спадар Авакаў сказаў, што гэта вельмі сур’ёзная справа, і яна адносіцца да тых 7% спраў, якія наогул не раскрываюцца». Вось што гэта значыць, я так і не зразумела. Гэта значыць, я зразумела, што гэта справа проста не будзе раскрытая. Вось і ўсё.

    — Але, калі журналісты змаглі такога дамагчыся, яны нават вылічылі нумар машыны…

    — Так, а вось гэта ўжо да следчых, да генеральнага пракурора, пракуратуры, якія павінны былі б адказаць на ўсе пытанні. Яны казалі: «Так, мы праводзілі, што вось машына, і той чалавек, які там быў. Гэта быў ахоўнік кагосьці. Але наогул, гэта выглядае несур’ёзна. На мой погляд, хоць, я не прафесіянал.

    — А цяпер у вас ёсць канкрэтныя пытанні, якія б вы хацелі задаць?

    — Не хачу наогул! Не хачу наогул больш з імі нешта абмяркоўваць! Не хачу!

    — А чаму?

    — Таму што не хачу!

    — То бок, вы ўпэўненыя, што яны проста не раскрыюць яе? Таму прынцыпова?

    — Не, проста цяпер ужо ў мяне няма да іх пытанняў.

    — Чаму?

    — Ну гэта рытарычнае пытанне! Чаму вы не раскрываеце справу майго сына? І што яны мне адкажуць? Што гэта справа іх гонару, яны імкнуцца! Але яны не могуць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці