• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўская журналістка паскардзілася на дзеянні супрацоўніка міліцыі ў аблвыканкам і пракуратуру

    Магілёўская журналістка Аліна Скрабунова накіравала скаргі на дзеянні маёра міліцыі Яўгена Слаўнікава (Евгения Славникова) ў пракуратуру Магілёва, УУС Магілёўскага аблвыканкама і Ленінскі РАУС горада Магілёва. Журналістка патрабуе прыцягнуць маёра Слаўнікава да адказнасці за неаднаразовыя некампетэнтныя і незаконныя дзеянні, за відавочную непавагу да суда і неналежнае выкананне сваіх службовых абавязкаў.

    Фота: mspring.online

    Інспектар ААПП Ленінскага РАУС Слаўнікаў 7 лістапада склаў у дачыненні Аліны Скрабуновай пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за «ўдзел у вырабе відэасюжэту для тэлеканала «Белсат». (Сюжэт выйшаў у эфір 26 верасня, у ім распавядалася пра парушэнні аховы працы на фабрыцы «Магілёўдрэў».) Падобны пратакол быў складзены Слаўнікавым 2 лістапада на іншага магілёўскага журналіста-фрылансера Міхася Аршынскага. Абодвум журналістам супрацоўнік міліцыі пасля складання пратаколаў выдаў позвы ў суд Ленінскага раёна Магілёва на 9 лістапада.

    Суддзя Алена Літвіна (Елена Литвина) пасля азнаямлення з матэрыяламі адміністрацыйнай справы не стала яе разглядаць, і вярнула паперы назад у Ленінскі РАУС, бо пратаколы ў дачыненні Скрабуновай і Аршынскага былі складзены з парушэннямі — няправільна ўказаная дыспазіцыя ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

    16 лістапада маёр Слаўнікаў зноў выклікаў Аліну Скрабунову ў міліцыю і на той жа падставе паўторна склаў на яе адміністрацыйны пратакол, які, за выключэннем даты складання і дададзенага слова «незаконна», паўтараў папярэдні ад 7 лістапада. Адразу ж пасля гэтага міліцыянт пад роспіс уручыў журналістцы позву ў суд на 20 лістапада.

    Паколькі пратакол быў ідэнтычны старому, за выключэннем аднаго слова, суддзя Літвіна паўторна адправіла яго на дапрацоўку. Перарабіць яшчэ раз маёр Слаўнікаў ужо не паспеў — прайшло два месяцы пасля меркаванага парушэння.

    28 лістапада была вынесена пастанова аб спыненні праверкі па справе аб адміністрацыйным праварушэнні ў дачыненні Аліны Скрабуновай і Міхася Аршынскага ў сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнага пакарання.

    У скарзе ў пракуратуру і вышэйшыя міліцэйскія інстанцыі Аліна Скрабунова напісала, што “пасля вяртання адміністрацыйнай справы ў Ленінскі РАУС у апошні раз, маёр Слаўнікаў да заканчэння тэрміну даўнасці ніякіх працэсуальных дзеянняў не здзяйсняў. Мяркую, тым самым маёр Слаўнікаў прызнаў неабгрунтаванасць і незаконнасць сваіх дзеянняў па ўзбуджэнні адміністрацыйнага працэсу па ч. 2 арт. 22.9 КоАП, а таксама незаконнасць звязаных з гэтым сваіх дзеянняў па неаднаразоваму вышуку, апытаннях, неаднаразовых затрыманнях і аблогах ў кватэрах”.

    Журналістка патрабуе прыцягнуць супрацоўніка Ленінскага РАУС Магілёва Яўгена Слаўнікава да адказнасці і даць ёй матываваны адказ у вызначаны законам тэрмін.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці