Магілёўскі ваенкамат вырашыў не прызываць журналіста Буракова ў войска?
24 мая журналіст Аляксандр Буракоў разам са сваім прадстаўніком, праваабаронцам Барысам Бухелем перадалі ў Магілёўскі ваенкамат заяву аб прыпыненні рашэння прызыўной камісіі наконт адпраўкі журналіста ў войска 26 мая.
Напярэдадні, 23 мая, Буракоў накіраваў скаргу на рашэнні прызыўных камісій Магілёва і Магілёўскай вобласці ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Паводле арт. 37 Закона “Аб усеагульным воінскім абавязку і вайсковай службе” рашэнне прызыўной камісіі Магілёўскай вобласці пра яго прызыў павінна быць прыпынена да ўступлення рашэння суда ў законную сілу.
У ваенкамаце пісьмовую заяву Буракова прыняў і зарэгістраваў маёр Баразноў А. А. Паводле журналіста, ён выйшаў кудысьці для кансультацый на 20 хвілін, а пасля вяртання аб’явіў, што рашэнне пра прызыў Буракова на вайсковую службу 26 мая ануляванае. Яму выпісалі новую позву на 30 мая, аднак не для адпраўкі ў войска, а для ўдакладнення звестак. Не выключана, што ў гэтую прызыўную кампанію Буракова прызываць у армію ўжо не будуць.
Аляксандр Буракоў не пагаджаецца з рашэннем Магілёскіх гарадской і абласной прызыўных камісій пра сваю “прыдатнасць з абмежаваннямі” да вайсковай службы – ён мае захворванне каленных суставаў, пры якім прадугледана вызваленне ад вайсковай службы ў мірны час.
Магілёўскія праваабаронцы таксама лічаць, што паводле медыцынскіх паказчыкаў і афіцыйных патрабаванняў да прызыўнікоў, Буракоў не служыць у войску ў мірны час. Барыс Бухель мяркуе, што ўлады выкарыстоўваюць прызыўную кампанію як інструмент палітычнага ціску, бо хочуць ізаляваць напярэдадні выбарчай кампаніі аднаго з нешматлікіх незалежных журналістаў Магілёва.
Аляксандр Буракоў раней быў рэдактарам папулярнага магілёўскага анлайн-часопіса Moloko. Журналіст піша шмат матэрыялаў на праваабарончыя тэмы пра падзеі ў Магілёве і Магілёўскай вобласці.
Незалежны журналіст з Магілёва абскарджвае рашэнні прызыўных камісій праз суд