Міністр Маркаў расказаў, як яго дачка трапіла на тэлебачанне
«У нейкі момант мы прыйшлі да адзінага меркавання, што было б нядрэнна, каб яна папрацавала там».
Дачка міністра інфармацыі, а ў мінулым гендырэктара АНТ, Марата Маркава не так даўно дэбютавала на тэлебачанні з палітычнай праграмай. Маркаў расказаў пра яе выхаванне ў праграме «Сто пытанняў даросламу» на БТ.
«Яна сама прызнае, што я навучыў яе многім рэчам, якія ёй былі цікавымі. Напрыклад, гуляць у більярд, шахматы, нарды. Мы дастаткова шмат праводзілі часу, зыходзячы з таго, колькі ў мяне яго было свабоднага», — падзяліўся міністр.
Маркаў расказвае, што цяперашняя праца дачкі ў эфіры АНТ — іх агульнае жаданне:
«У нейкі момант мы прыйшлі да адзінага меркавання, што было б нядрэнна, каб яна папрацавала там. І ёй гэтая ідэя вельмі падабалася».
Маркаў удакладняе, што яго дачка працуе ў інтэрнэт-дырэкцыі і вядзе сваю праграму. «Я быў больш звязаны з тэлебачаннем. Ёй больш падабаецца працаваць у інтэрнэце. (…) Я не быў супраць».
На пытанне, як гэта — быць начальнікам ва ўласнай дачкі, Маркаў заўважыў, што ён для яе быў «адносным начальнікам».
«Паміж намі было дастаткова многа начальнікаў рознага ўзроўню на той момант. Таму мы з ёй па працы практычна не перасякаліся. Ёй кіравалі іншыя людзі. А я кіраваў гэтымі людзьмі. Так што, у прынцыпе, усё было нармальна».
Маркаў таксама расказаў, што прысутнічае ў сацыяльных сетках — але пад іншым імем.
«Цяпер я зарэгістраваны практычна ва ўсіх сацыяльных сетках. Проста каб не быць там актыўным, а глядзець інфармацыю, скажам так, ананімна», — расказаў міністр інфармацыі.