ГА “БАЖ” зноў хадайнічае пра змены ў заканадаўстве аб СМІ
Жанна Літвіна і Андрэй Бастунец перадалі ў профільную камісію новаабранай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прапановы арганізацыі па змяненні закона “Аб СМІ”.
22 студзеня з кіраўнікамі ГА “БАЖ” сустрэўся старшыня Камісіі па правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і сродках масавай інфармацыі Андрэй Наумовіч.
У дакуменце, які дэпутат прыняў і абяцаў разгледзець, пералічана 15 канкрэтных прапаноў і фармулёвак.
Сярод хібаў, якія, па меркаванні БАЖ, патрабуюць заканадаўчага выпраўлення, – дазвольны парадак рэгістрацыі новых СМІ; невыканальныя патрабаванні да выдаўцоў маланакладных выданняў; ускладненне дзейнасці журналістаў-фрылансераў; прыраўноўванне акрэдытацыі да дазволу на пошук, збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі; пашыраныя падставы для вынясення папярэджанняў; наданне ўраду права рэгламентаваць дзейнасць інтэрнэт-СМІ без вызначэння паняцця такіх СМІ і г.д.
Яшчэ да прыняцця закона “Аб СМІ”, чатыры гады таму, журналісцкая арганізацыя вылучала шэраг прапаноў па яго змесце. Некаторыя з іх (7 з больш як 30‑і) дэпутаты Палаты прадстаўнікоў улічылі пры разглядзе дакумента ў другім чытанні.
Разам з тым, ідэю правядзення парламенцкіх слуханняў на гэтую тэму тагачасны старшыня Камісіі Ю. Кулакоўскі адхіліў, спаслаўшыся на “адсутнасць практычнага вопыту рэалізацыі палажэнняў” новага закона.
“На сёння такі вопыт напрацаваны, – лічаць у БАЖ. – Практыка прымянення закона “Аб сродках масавай інфармацыі” паказала яго слабыя бакі, на якія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звяртала ўвагу яшчэ на стадыі прыняцця…”
Журналісцкая арганізацыя прапануе Камісіі правесці слуханні на тэму заканадаўства аб СМІ, разгледзець прапанаваныя ГА “БАЖ” змяненні і распачаць публічнае абмеркаванне Закона “Аб СМІ” і практыкі яго прымянення.
“Усе гэтыя праблемы патрабуюць шырокага ўсебаковага абмеркавання і выкаранення, — гаворыць старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна. – Спадзяемся, Палата прадстаўнікоў адкажа на наш заклік…”
Копія звароту – у далучаным PDF-файле