КДБ адмовіўся паказаць БАЖу спіс аб’ектаў, якія нельга фатаграфаваць ДАКУМЕНТ
Камітэт дзяржаўнай бяспекі адмовіўся прадаставіць ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пералік асабліва рэжымных і рэжымных аб’ектаў, якія ў Беларусі забаронена фатаграфаваць.
Паводле першага намесніка КДБ Ігара Сяргеенкі, гэтыя звесткі адносяцца да інфармацыі, прадастаўленне якой абмежавана.
— Мы сутыкаемся з нонсенсам прававой сістэмы, калі мы, журналісты, у нашай жа краіне не можам нават даведацца спіс аб’ектаў, якія нам забаронена фатаграфаваць і здымаць на відэа, — каментуе адказ КДБ прэс-сакратар ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыс Гарэцкі.
Цікава, што звярталася ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у Савет Міністраў, адкуль запыт чамусьці быў перанакіраваны ў КДБ.
Канфлікты, звязаныя з забаронай праводзіць фота- і відэаздымку пэўных аб’ектаў рэгулярна здараюцца ў Беларусі. Часта міліцыя і супрацоўнікі аховы спасылаюцца на тое, што той ці іншы аб’ект з’яўляецца рэжымным. Аднак праверыць гэта, як мы бачым, немагчыма.