Незаконныя патрабаванні міліцыі. Як адстойваць права на інфармацыю? ВІДЭАПАРАДЫ
Міліцыянты агучваюць незаконныя патрабаванні. Як гэтаму супрацьстаяць? Відэапарады ад Вольгі Чайчыц з рэальнымі гісторыямі ды каментарамі экспертаў.
— У мяне было шмат выпадкаў, калі міліцыянты патрабавалі выконваць загады, якія не з’яўляліся законнымі. А потым пыталі, ці я «адмаўляюся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, — кажа Вольга Чайчыц.
Варта памятаць, што міліцыянты могуць прыменяць фізічную сілу і выкарыстоўваць спецыяльныя сродкі ў адносінах да грамадзян, калі тыя адмовіліся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі. За непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі падчас выканання ім службовых абавязкаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Таксама ў заканадаўстве прадугледжана крымінальная адказнасць за супраціўленне супрацоўніку міліцыі, за прымяненне ў адносінах да яго фізічнай сілы.
Але галоўнае слова тут «законнасць».
Калі патрабаванні незаконныя, трэба адразу ж пра гэта заяўляць. Таму неабходна ведаць законы, разумець, якія патрабаванні законныя, якія не, і спакойна, упэўнена тлумачыць, чаму вы адмаўляецеся выконваць гэтыя загады.
Калі загад парушае вашыя правы, ён незаконны.
Часам здараюцца сітуацыі, калі міліцыянты мяркуюць, што ўсе іх патрабаванні законныя. У такім выпадку трэба спакойна ім тлумачыць, што гэта не так. Але галоўнае заставацца ветлівым, пазбягаць канфліктаў ды імкнуцца фіксаваць на відэа тое, што адбываецца. Чаго дакладна не варта рабіць, дык гэта біцца, эмацыйна размахваць рукамі.
«Я сутыкалася з сітуацыямі, калі судовыя выканаўцы патрабавалі спыніць відэафіксацыю ці патрабавалі ад праваахоўнікаў прымусіць мяне выключыць камеру. Але ў такой сітуацыі закон на маім баку, трэба адстойваць права на інфармацыю», — кажа Вольга Чайчыц.
Іншыя матэрыялы рубрыкі «Кансультацыі»