• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ваш “творчы партрэт” з сацыяльных сетак, або Парады па інфармацыйнай бяспецы

    “О, слухай, я такі круты пароль “ВКонтакте” замуціў на 16 сімвалаў, — паведамляе сябар сябру праз тэлефон, — ніякі хакер, ніякі шпіён не дагрукаецца”.

    Пра камп’ютарную бяспеку не чуў хіба толькі лянівы. Як ёсць бяспека дарожнага руху, газазварачных работ, засцярога ад каранавірусу,  гэтаксама і камп’ютарная бяспека — асобная тэма ў нашае стагоддзе лічбавай інфармацыі.

    Адныя не хочуць, каб іх анлайн-інфармацыяй хтосьці карыстаўся без дазволу, іншыя засцерагаюць свае банкаўскія рэквізіты, трэція апасаюцца, што камп’ютар “накрыецца медным тазікам”, а разам з ім перапіска, тэксты, фоты і ўсё тое, што дарагое для памяці.

    У асяродку карыстальнікаў камп’ютараў хапае, канешне, і фаталістаў. Асабліва пасля гісторыі з Эдвардам Сноўдэнам, былым супрацоўнікам Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША. Навошта, мяркуе такі фаталіст, замарочвацца абаронай персанальных звестак, калі і не такія сур’ёзныя сістэмы ламалі?

    Тым не менш, калі чалавек жыве ў 2020 годзе і карыстаецца электроннымі гаджэтамі, ён мусіць кантраляваць свае старонкі і думаць, як “яго слова адгукнецца” — тое самае слова, напісанае  ў “Одноклассниках”, “Вконтакте”, “Insta­gram” альбо нават у “Tik­Tok”. Можа, нават не слова, а выкінуты ў інтэрнэт-прастору здымак свайго чароўнага сына-галапузіка ці дачушкі-гарэзніцы. Выклаў сёння сваю мілую сямейку ў інтэрнэт, а ўжо назаўтра нейкія зламыснікі (можа, нават пры пагонах) склалалі  “творчы партрэт”, ад якога хоць у сажалку з галавой. Ну, не  заўтра, дык праз год-два  ці  нават праз пятнаццаць. Калі спатрэбіцца, тады і склалі на любога чальца сям’і ці самога журналіста.

    Пра гэта ды многае іншае распавядаў 14 сакавіка сябрам Гомельскай філіі ГА “БАЖ” эксперт у пытаннях камп’ютарнай бяспекі Мікалай Кванталіяні.

    Удзельнікі трэнінгу разам з экспертам сфармулявалі дзесяць асноўных парад, якіх варта прытрымлівацца, каб не стаць “лёгкай здабычай” нават пачынаючага хакера.

    •  Базавай наладкай бяспекі з’яўляецца камп’ютар з ліцэнзійнай аперацыйнай сістэмай і абноўленым антывірусам.

    •  Каб абараніць свае сацыяльныя сеткі, варта ствараць складаныя ўнікальныя паролі з уключэннем, дзе гэта магчыма, двухфактарнай аўтэнтыфікацыі праз sms-паведамленне.

    • Нельга выкарыстоўваць аднатыпныя паролі на розных электронных гаджэтах.

    • Пазбягайце ўводзіць свае паролі на чужых камп’ютарах ды іншых дэвайсах.

    •  Адпраўляючы інфармацыю, фотаздымкі, відэаролікі ў сацыяльныя сеткі, трымайцеся балансу паміж жаданнем “паказаць сябе” і бяспекай. Змешчанае ў сацыяльных сетках можа абярнуцца рэальным крымінальным пераследам.

    • Заўсёды стварайце рэзервовыя копіі асабліва важных файлаў з шыфраваннем і паролямі.

    • Карыстайцеся для захавання такіх файлаў здымнымі носьбітамі альбо “воблакамі” — віртуальнымі сховішчамі, выбіраючы з іх не экзатычныя, а з найбольш надзейнымі серверамі, якія маюць вялікую колькасць карыстальнікаў. Пры гэтым неабходна памятаць, што і “аблокі” іншы раз “падаюць”. 

    • Перыядычнае абнаўленне праграмнага забеспячэння камп’ютара і пароляў да яго важныя для бяспекі.

    • Прыкладна 15 адсоткаў бясплатных праграм маюць “шпіёнскія дадаткі”, якія могуць чытаць паролі, прыватныя звесткі. Камп’ютарныя дзялкі выкарыстоўваць іх праз продаж для манетызацыі.

    • Бесправадная лакальная сетка Wi-Fi  мае шмат “шчылін”,  праз якія лёгка  забрацца ў прыватны камп’ютар. Маланадзейным названы бясплатны паштовы сервіс mail.ru. Прапанавана без прамаруджвання пераходзіць на gmail.com, калі хтосьці гэтага яшчэ не зрабіў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці