Новыя платформы, эксперыменты з фарматамі і ШІ: медыяменеджеры — пра тэндэнцыі сыходзячага года
Апошнія дні адлічвае 2024 год. БАЖ папрасіў беларускіх медыяменеджараў незалежных СМІ адказаць на пытанні, каб успомніць цяжкасці, намацаць тэндэнцыі ды падзяліцца поспехамі адыходзячага года. І, канешне, падарыць віншаванні сваім рэдакцыям і калегам.
Якім выдаўся 2024 год для беларускіх незалежных медыяў? Якія тэндэнцыі вы заўважылі ў беларускім медыясектары і лічыце найбольш важнымі?
Аляксандра Пушкіна, член праўлення «Люстэрка»:
— Гэты год стаў часам надзвычайнай канцэнтрацыі на працы з аўдыторыяй — каштоўнасць кожнага чытача, кожнага карыстальніка вырасла ў разы.
На пятым годзе рэпрэсій і ціску стамляешся не толькі ад дрэнных навін, але і ад самога адчування рэальнасці, ад якой хочацца схавацца. Але стомленасць карыстальнікаў, а таксама блакіроўкі, атакі і змены ў алгарытмах Google, якія ўскладняюць доступ да інфармацыі, не зламалі нас. Мы ператварылі гэтыя выклікі ў задачы.
Мы дыверсіфікуем рызыкі, асвойваем новыя платформы, эксперыментуем з фарматамі і шукаем шляхі, каб заставацца побач са сваёй аўдыторыяй. Гэтыя намаганні — не проста барацьба за выжыванне, гэта жаданне падтрымліваць сувязь, нягледзячы на ўсё. Гэта знак нашай стойкасці і рашучасці: беларускія медыі па-ранейшаму шукаюць выйсце і не збіраюцца здавацца.
Наста Роўда, дырэктарка «Нашай Нівы»:
— Не буду канцэнтравацца на негатыве, мы ўсе і так добра разумеем, у якіх умовах працягваем працу.
Цікава, што сёлета незалежныя медыі ўсур’ёз пачалі вывучаць магчымасці штучнага інтэлекту, і многія рэдакцыі ўжо інтэгравалі новыя інструменты на яго аснове.
У мяне цвёрдае перакананне, што за гэтым будучыня. І хто зараз не ўскочыць у гэты вагон, той будзе плесціся ў хвасце. Мне гэта нагадвае час, калі друкаваныя выданні пераходзілі ў фармат анлайн-медыя. Толькі цяпер гэты працэс пераходу на ШІ-інструментарый будзе значна больш хуткі.
Маргарыта Прохарчык, галоўны рэдактар праекта «Гэта Менск, дзетка»:
— 2024 год стаў для беларускіх незалежных медыяў перыядам вызначальных выпрабаванняў. Мы назіраем тэндэнцыю змяншэння колькасці медыяў.
Калі ў 2021 годзе мы бачылі імклівы рост новых фарматаў і праектаў, то ў 2024 годзе сутыкнуліся з выгараннем. Нават тыя ініцыятывы, якія мелі добрыя стартавыя ўмовы і фінансаванне, часта спынялі сваю дзейнасць.
Выжылі толькі тыя праекты, якія былі створаныя з ідэяй, здольныя існаваць нават у адсутнасць фінансавання і падтрымкі.
Гэты год стаў своеасаблівым «тэстам на трываласць» для сектара, і з кожным днём працаваць становіцца ўсё складаней. Але тыя, хто застаецца, працягваюць сваю місію.
Фёдар Паўлючэнка, галоўны рэдактар Reform.news:
— Нягледзячы на рэпрэсіі, немагчымасць працы ў краіне, блакіроўкі, прамы ціск на рэдакцыі, журналістаў і іх сваякоў, беларускі медыясектар застаецца адным з уплывовых і важных элементаў беларускай грамадзянскай супольнасці. Нашыя медыі ў цэлым выконваюць сваю функцыю на вельмі высокім узроўні. На фоне медыяў з іншых краін нашага рэгіёна беларускія СМІ — вялікія малайцы. Мне не сорамна за працу калег.
Думаю, гэта і ёсць галоўны вынік 2024 года — беларускія незалежныя медыі працягваюць працаваць, нягледзячы ні на што.
Калі гаварыць пра тэндэнцыі, то ўсё большую ролю адыгрываюць незаблакаваныя каналы (платформы) для дастаўкі кантэнту да аўдыторыі ўнутры краіны. На першым месцы TikTok. Там поспехі найбольш відавочныя. Youtube і Instagram таксама застаюцца найважнейшымі каналамі для выхаду на шырокую аўдыторыю. Вось так і жывём.
Яшчэ адной тэндэнцыяй я б назваў напады прадстаўнікоў дэмакратычнай або псеўдадэмакратычнай супольнасці на журналістаў і медыі ўвогуле. Гэта было заўсёды, але ў 2024 годзе, на маю думку, гэта стала «добрым» тонам і адбываецца рэгулярна. Часта гэта інспіравана спецслужбамі, часам проста неразумнымі людзьмі, але тэндэнцыя відавочная, і рэагаваць на гэта трэба разам. Магчыма, гэта таксама паказчык уплыву.
Аляксандр Ярашэвіч, сузаснавальнік «Бюро Медыя»:
— Нягледзячы на ўсе цяжкасці (праблемы з фінансамі, з кадрамі, з легалізацыяй), незалежныя медыі актыўна развіваюцца. Нядаўна я прысутнічаў на адной канферэнцыі і быў моцна ўражаны, як нашыя калегі развіваюць той жа TikTok: пасты набіраюць мільённыя прагляды цягам месяца.
Беларускія медыі паказалі сябе вельмі гнуткімі і знаходзяць новыя каналы данясення інфармацыі спажыўцам унутры Беларусі.
З дрэнных навінаў варта вылучыць тое, што беларускія ўлады пачалі пераследаваць сваякоў і родных медыйшчыкаў, якія працуюць у выгнанні: ходзяць па хатах, праводзяць ператрусы, пагражаюць…
Я больш сачу за развіццём расследвальніцкай журналістыкі. Скажу за «Бюро Медыя»: мы выпусцілі расследаванні пра схемы з прыкметамі карупцыі ў Чырвоным Крыжы, у Свята-Елісавецінскім манастыры, і ў атачэнні Лукашэнкі, пра абыход санкцый, вайну ва Украіне, уплыў Расіі на Беларусь.
Апошняе наша расследаванне пра меркаваную пазашлюбную дачку Аляксандра Лукашэнкі нарабіла шмат шуму. Крысціна Моцная нарадзілася ў лютым 2000 года, яе бацькам запісаны мужчына, якога не існуе ў прыродзе: Моцны Аляксандр Рыгоравіч. Яе маці Сняжана Моцная напачатку 90‑х гадоў выступала ў ролі персанальнага цырульніка Лукашэнкі.
Адначасова мяне моцна парадавалі калегі з Беларускага расследвальніцкага цэнтра, дзе я раней працаваў, гісторыямі пра беларускіх ГРУшнікаў, якія шпіёняць за прадстаўнікамі апазіцыі за мяжой, пра фільтрацыйны лагер у Нароўлі, які існаваў на пачатку вайны.
І варта адзначыць расследаванне Reform.news пра нямецкага дэпутата Ёрга Дорнаў, які з’яўляецца сябрам ультраправай папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD). У Беларусі ў яго ёсць уласны бізнес — «Цыбулька-Бел», на плантацыях якога парцавалі беларускія палітвязні. Гісторыя займела шырокі рэзананс: нямецкі дэпутат можа надоўга сесці за краты за абыход санкцый.
Шчыра скажу: сёлета я моцна парадаваўся і за сябе, і за сваіх калег.
Віктар Марчук, галоўны рэдактар і заснавальнік Bgmedia:
— Думаю, год можна лічыць паспяховым, нягледзячы на ўсе вар’яцкія складанасці, якія нам давялося пераадольваць. За 2024 год беларускія незалежныя СМІ сталі больш моцнымі, прафесійнымі, разнастайнымі і прыцягальнымі для чытачоў сайтаў і карыстальнікаў сацыяльных сетак. Адпаведна і іхні ўплыў на аўдыторыі ўзмацніўся.
Не вераць беларусы дзяржаўнай прапагандзе, хаця яна і вылузваецца са скуры. І гэтая д’ябальская напруга, у якой сёння знаходзіцца лукашэнкаўскі рэжым, падтрымліваецца дзякуючы паспяховай працы беларускіх незалежных СМІ. Усе адэкватныя, разумныя людзі ідуць да нас, на нашы рэсурсы, а не на канапу перад тэлевізарам. І ўсё гэта незважаючы на тое, што экстрэмісты ад улады лепяць ярлык «экстрэмістаў» на нашыя платформы. Разьбу народнага цярпення некалі сарве, без усялякіх сумненняў.
Што да тэндэнцый, то, безумоўна, вырасла роля сацсетак. Мы навучыліся дыверсіфікаваць фарматы, адаптаваць кантэнт да хуткай дынамікі і кароткай увагі карыстальнікаў. Зараз нават традыцыйныя тэксты на сайтах выходзяць з мультымедыйнай падтрымкай.
Як ацэньваеце адыходзячы год для свайго медыя?
Аляксандра Пушкіна:
— Яшчэ адзін год барацьбы, яшчэ адзін год праўды. Мы не дазволілі хлусні пусціць карані і стаць звыклай рэальнасцю. У гэтым годзе мы выпусцілі 28 220 матэрыялаў, якія прачыталі 437 мільёнаў разоў. Нашы відэа набралі 954 мільёны праглядаў. І за гэтымі лічбамі хаваецца не проста статыстыка. Гэта тысячы гісторый, якія зрабілі беларускае грамадства больш свядомым, мацнейшым і, магчыма, крыху менш адзінокім перад абліччам безнадзейнасці.
Я ганаруся нашай камандай. Мы вытрымалі моманты роспачы, калі здавалася, што справядлівасць — гэта міраж, што нашых высілкаў недастаткова, каб перамагчы праблемы радзімы ці змяніць лёсы нашых герояў. Але нават у такія хвіліны мы знаходзілі сілы працягваць. І цемра адступала, станавілася менш душнай і бязлітаснай.
Нашы аўтары не падпісваюцца сваімі імёнамі, каб абараніць тых, хто ім дарагі. Але я веру, што надыдзе дзень, калі гэтыя імёны будуць ведаць усе. За гэтымі імёнамі стаіць упартасць, смеласць і талент, дзякуючы якім святло не згасае нават у самую доўгую ноч.
Настасся Роўда:
— Мы вельмі добра спрацавалі ў 2024‑м, я магу толькі падзякаваць нашай камандзе. Сёлета мы сканцэнтраваліся на развіцці відэакантэнту і шмат чаго дасягнулі ў «Ютубе» і «Тыктоку».
Наш сайт застаецца адным з самых чытаных, мы па-ранейшаму маем інсайды знутры і рэгулярна публікуем эксклюзівы, а таксама расследаванні.
І што не менш важна — мы працягваем шукаць новыя фарматы, новыя пункты росту. Вось гэтае няспыннае стартаперства, гэтае мысленне, калі мы ўвесь час шукаем новыя магчымасці, — гэта фантастыка, што нам удаецца яго захоўваць праз дзесяткі гадоў працы.
Маргарыта Прохарчык:
— Для «Гэта Менск, дзетка» галоўнае дасягненне 2024 года — гэта тое, што мы выжылі і захавалі сваю каманду. У сучасных умовах гэта ўжо вялікі поспех. Мы знайшлі разуменне, як дзейнічаць далей, і маем яснае бачанне будучыні. Гэты год навучыў нас прыярытызаваць каманду і канцэпцыю як найкаштоўнейшыя актывы нашага медыя.
Фёдар Паўлючэнка:
— Мы пражылі гэты год. І гэта ўжо нямала. Дзякуй нашым чытачам, гледачам і партнёрам. Без іх данатаў і падтрымкі мы ў цяперашнім фармаце працаваць бы не змаглі.
Нашы чытачы сабралі для нас больш за 50 тысяч еўра за год — гэтыя грошы мы патрацілі не толькі на закрыццё дзірак, але і на развіццё.
Прывялі новых людзей, умацавалі рэдакцыю, а відэапраект «Саша, што ты нясеш?», здаецца, пераадолеў псіхалагічную мяжу пазнавальнасці і ператварыўся ў прадукт са сваёй аўдыторыяй.
Аляксандр Ярашэвіч:
— Мы ўзніклі год таму і за гэты час дасягнулі шмат. Мы выпусцілі 14 расследаванняў і больш за 30 міні-расследаванняў і розных навінаў, якія актыўна рэпосцілі іншыя СМІ. Нашы матэрыялы прагледзелі больш за 12 мільёнаў разоў, а «Бюро» ў інфармацыйнай прасторы згадвалася больш за 600 разоў.
Мы ставілі перад сабой мэту і даволі хутка сталі сябрам міжнароднага кансорцыўму Organized Crime and Corruption Reporting Project (OCCRP).
Гэтая структура аб’ядноўвае журналістаў-расследвальнікаў з усяго свету (больш за 60 рэдакцый). Мы цесна супрацоўнічаем з калегамі з іншых краін: калі нашыя раследаванні выводзяць на польскі, нямецкі, літоўскі след, то ў нас ёсць у каго папрасіць дапамогі.
Напэўна, нашай самай эфектыўнай гісторыяй стала расследаванне пра люксавыя машыны. Сутнасць справы ў тым, што беларускія фірмы карысталіся лазейкай у санкцыйным заканадаўстве, легальна ўвозілі ў Беларусь люксавыя машыны, а затым перапрадавалі ў Расію. Мы высветлілі, што за гэтымі фірмамі часта стаяць людзі з атачэння Лукашэнкі.
Публікацыяй зацікавілася каманда Паўла Латушкі і перадала матэрыялы спецпрадстаўніку па санкцыях Дэвіду О’Саллівану, а таксама давяла гэтую інфармацыю да ўрадаў суседніх краін: Літвы, Латвіі і Польшчы. Вясной гэтага года мытні ўсіх трох краін проста пачалі разварочваць на мяжы люксавыя аўто, якія пераганяліся ў Беларусь. Пазней Еўразвяз увёў дадатковыя санкцыі, якія перакрылі гэтую лазейку.
Нашу працу адзначылі калегі з Беларусі: мы атрымалі дзве ўзнагароды на конкурсе «Вольнае слова». Першае месца заняла якраз гісторыя пра люксавыя машыны, а трэцяе месца заняў мой калега Аляксей Карпека, які зрабіў гісторыю пра ксяндза Ігара Лашука, якога адзін з гаманцоў Лукашэнкі — Аляксандр Зайцаў выкарыстоўвае для абыходу санкцый. Праўда, Лёша рабіў гэтае расследаванне, калі яшчэ ўся наша каманда працавала ў Беларускім раследвальніцкім цэнтры (БРЦ).
Падсумоўваючы, скажу, што адыходзячы год быў паспяховым для нас, і мы плануем развіваць новыя кірункі. Мы заўважныя сярод калегаў, маем сваю аўдыторыю ў Беларусі — і збіраемся нарошчваць свой патэнцыял.
Віктар Марчук:
— Мы вытрымалі ўсе выпрабаванні – ад фінансавых да псіхалагічных. Захавалі і нават павялічылі склад каманды, дадалі кампетэнцыяў. У выніку атрымалі істотнае пашырэнне аўдыторыі сваіх падпісчыкаў: іх ужо больш за 650 тысяч. Нашыя каналы ў Facebook, YouTube, TikTok, Instagram штомесяц набіралі мільёны праглядаў і ахопаў. Здаралася, і дзясяткі мільёнаў, калі вірусіліся некаторыя ролікі. Так што год – вельмі выніковы на зайздрасць прапагандыстам.
На новы год прынята загадваць жаданні. Чаго папросяць медыямэнэджэры для сваёй рэдакцыі і сябе?
Аляксандра Пушкіна:
— Не буду абмяжоўваць сябе ў жаданнях — няхай у 2025 годзе нам давядзецца працаваць у дзве змены, каб паспяваць пісаць усе імёны тых, хто выходзіць на волю з турмаў. Няхай адзін з гэтых дзён абавязкова стане днём свабоды для нашых Марыны Золатавай і Людмілы Чэкінай.
Няхай «Люстэрка» расце — у паказчыках, у платформах, у праектах, у непаўторных матэрыялах, у партнёрах, чальцах каманды і суме на рахунках. Няхай кожны прадстаўнік і кожная прадстаўніца каманды адчуваюць сябе на сваім месцы, зберагаюць сябе, сваю энергію і на цягам усяго года працягваюць любіць сваю справу.
А сабе я пажадаю моцных і здаровых каленяў, каб яшчэ даўжэй катацца на сноўбордзе ў гэтым сезоне.
Настасся Роўда:
— Я не веру ў Дзеда Мароза, і я не чакаю цудаў. Але я веру ў людзей і персанальную адказнасць.
Таму я проста пажадаю, каб нам усім хапіла сілаў ажыццявіць самыя смелыя задумы. І каб мы хутчэй вярнуліся ў нармальнасць і мы, і нашы чытачы і гледачы, якія цяпер у Беларусі.
Маргарыта Прохарчык:
— Для рэдакцыі я хачу пажадаць далейшага развіцця: пашыраць каманду THISMINSK MEDIA, асвойваць новыя фарматы, рэалізоўваць свежыя ідэі і працягваць быць актуальнымі як для беларусаў унутры краіны, так і за яе межамі. Мы любім свой горад і краіну і ўсё, што мы робім, ствараем менавіта для нашых людзей.
Для сябе і сваіх калег жадаю найвялікшага — каб у Беларусі, нарэшце, скончылася пеністае, і мы змаглі вярнуцца да пачуцця свабоды і сапраўднага дома.
Фёдар Паўлючэнка:
— Мая вялікая мара — пачаць плаціць нашым калегам заробак, які мог бы канкурыраваць з заробкам у «Жабцы». Няхай гэты цуд адбудзецца ў 2025 годзе.
Разумею, што гэта мара менш дасягальная, чым адхіленне ад улады Аляксандра Лукашэнкі, але ўсё ж.
Аляксандр Ярашэвіч:
— Напэўна, самае вялікае жаданне – найхутчэй вярнуцца дадому, абняць сваіх родных і спакойна працаваць у незалежнай свабоднай дэмакратычнай Беларусі. Без блакіровак, без статусу «эстрэмістаў», без турэмных тэрмінаў. Пажадаю гэта і сабе, і рэдакцыі, і ўсім маім калегам.
Віктар Марчук:
— Я ўжо пражыў большую (націск можна ставіць на любы склад у гэтым слове) частку жыцця. Таму для сябе — ужо як дасць Бог. Але хачу, каб унукі і дзеці былі здаровымі і шчаслівымі. Каб радавалі старога чалавека сваімі поспехамі і дасягненнямі.
Рэдакцыя для мяне практычна як сям’я. Так склалася за доўгія гады, якія я правёў у прафесіі. Таму не буду арыгінальным і папрашу ў Дзеда Мароза для ўсіх членаў нашай каманды моцнага здароўя і поспехаў у нашай нялёгкай справе.
Таго самага — і для ўсіх, з кім мы супрацоўнічаем, і для ўсіх беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца на баку праўды і справядлівасці.
Ага, і штучны інтэлект нам на дапамогу. Мне здаецца, 2025 год пройдзе пад знакам не толькі мудрай змяі, але і ШІ.
З Калядамі і Новым годам!