“Медыя і актывісты: хто каму вінен?” — дыскусія адбылася ў Брэсце
Мерапрыемства ладзілася ў межах прэс-клуба, на які былі запрошаныя прадстаўнікі друкаваных СМІ, радыё, тэлебачання, анлайн-выданняў, а таксама фрылансеры і блогеры.
На думку ініцыятараў дыскусіі – актывістаў кампаніі “Будзьма беларусамі!”, мэтай сустрэчы было зрабіць аналіз, як журналісты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці мусяць спрыяць мясцоваму развіццю і вырашэнню існуючых праблем. Пры гэтым важна было засведчыць патрэбы і тых, хто рыхтуе журналісцкія матэрыялы, і тых, хто актыўна дзейнічае на карысць грамадства.
У якасці хэдлайнераў сустрэчы былі прадстаўнікі анлайн-часопіса “Имена” – рэдактар Адар’я Гуштын і кіраўнік аддзела праектаў Юлія Бабруйская. Яны распавялі пра ўнікальны досвед часопіса ўзаемадзеяння з недзяржаўнымі арганізацыямі і ініцыятывамі.
Гэта істотна паўплывала на развіццё часопіса: яшчэ ў 2016 годзе ў “Именах” працаваў адзін чалавек і штотыдзень на сайце з’яўляўся адзін матэрыял, а грошы збіраліся на адной з краўдфандынгавых пляцовак. Зараз “Имена” – гэта паўнавартасная анлайн-платформа, дзе стала працуюць пяць чалавек, а яшчэ больш за два дзясяткі лічацца пазаштатнымі супрацоўнікамі. У выніку атрымалася зрабіць уласны сервіс, арганізаваць падпіску, збор плацяжоў і ахвяраванняў, істотна павялічыць колькасць адмысловых праектаў.
Менеджар культурных і сацыяльных праектаў Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” Алена Каховіч на прыкладзе гэтай брэсцкай арганізацыі падзялілася досведам супрацоўніцтва з мясцовымі СМІ і стварэннем ўласнага праекта “Медыя-цэнтр”, які аб’ядноўвае рэгіянальных журналістаў і актывістаў.
Пра тое, як у рэальных абставінах мясцовыя журналісты працуюць з тэмамі мясцовага развіцця, распавяла карэспандэнт “Брестской газеты” Людміла Селех. Акцэнт у сваім выступе яна зрабіла на кейсе, які тычыцца асвятлення руху супраць будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста.
Прамовамі спікераў прэс-клуба справа не абмежавалася: не менш змястоўнай была дыскусія наконт ролі медыяў у мясцовым развіцці. Удзельнікі мерапрыемства дзялілся сваімі думкамі наконт таго, якім чынам публікацыі ў медыях будуць мець яшчэ большы эфект; ці магчыма аб’яднаць высілкі СМІ і грамадзянскай супольнасці, каб змяняць стаўленне людзей да грамадска значных праблем і што для гэтага варта зрабіць кожнаму з бакоў?
Падчас падсумавання вынікаў прэс-клуба і прадстаўнікі медыяў, і грамадскія актывісты дамовіліся да больш шчыльнага супрацоўніцтва па накірунках, якія могуць быць карыснымі абодвум бакам.