Microsoft абвясціў аб адкрыцці доступу да пошукавіка Bing на аснове штучнага інтэлекту для ўсіх карыстальнікаў
Амаль праз тры месяцы пасля таго, як кампанія дэбютавала з абмежаванай папярэдняй версіяй свайго новага Bing, які працуе на базе віруснага чат-бота AI ChatGPT, Microsoft адкрывае яго для ўсіх карыстальнікаў пры ўмове, што тыя ўвайшлі ў пошукавую сістэму праз браўзер Microsoft Edge.
Пра гэта паведамляе CNN і адзначае, што нягледзячы на заклапочанасць далейшымі перспектывамі развіцця штучнага інтэлекту, якая ўзрасла ў апошнія месяцы, кампанія Mіcrosoft працягвае рухацца наперад.
«Мы становімся лепшымі ў хуткасці, мы становімся лепшымі ў дакладнасці… але мы знаходзімся ў бясконцым пошуку, каб зрабіць усё лепшым і лепшым», —
заявіў CNN віцэ-прэзідэнт Microsoft Юсуф Мэхдзі (Yusuf Mehdi), які курыруе ініцыятывы штучнага інтэлекту.
На прэзентацыі для прэсы былі прадстаўленыя такія новыя магчымасці чат-бота Bing, як магчымасць задаваць яму пытанні з выявамі, доступ да гісторыі чатаў з мэтай запамінання чат-ботам папярэдніх размоў з карыстальнікам, экспарт адказаў у Microsoft World. Карыстальнікі атрымалі магчымасць персаналізацыі тону і стылю адказаў чат-бота.
На сёння Bing мае больш за 100 мільёнаў актыўных карыстальнікаў кожны дзень. Іх колькасць, па словах Мэхдзі, значна павялічылася за апошнія некалькі месяцаў.
Вядома, што ў лютым кампанія прадставіла абноўленую пошукавую сістэму Bing. Акрамя прадстаўлення спісу адпаведных спасылак, як у традыцыйных пошукавых сістэмах, пашукавік Bing стаў ствараць пісьмовыя зводкі вынікаў пошуку, размаўляць з карыстальнікамі, каб адказаць на дадатковыя пытанні пра іх запыты, навучыўся пісаць электронныя лісты або іншыя пісьмовыя кампазіцыі на аснове вынікаў.
Як адзначае CNN, усплёск увагі да ChatGPT, які назіраецца ў апошнія месяцы, дапамог аднавіць «гонку ўзбраенняў» сярод тэхналагічных кампаній па разгортванні падобных інструментаў у сваіх прадуктах.
У авангардзе знаходзяцца OpenAI, Microsoft і Google, але IBM, Amazon, Baidu і Tencent таксама працуюць над падобнымі тэхналогіямі.
Акрамя дадавання функцый штучнага інтэлекту для пошуку, Microsoft заявіла, што плануе прыўнесці тэхналогію ChatGPT у свае асноўныя інструменты павышэння прадукцыйнасці, уключаючы Word, Excel і Outlook.
CNN адзначае, што рашэнне аб дадаванні генератыўных функцый штучнага інтэлекту ў Bing можа быць асабліва рызыкоўным, улічваючы, наколькі людзі спадзяваюцца на пошукавыя сістэмы для атрымання дакладнай і надзейнай інфармацыі.
У сакавіку гэтага года некаторыя з найвядомейшых людзей у галіне тэхналогій, сярод якіх Ілан Маск (Elon Musk) і сазаснавальнік Apple Стыў Возняк (Steve Wozniak) заклікалі лабараторыі штучнага інтэлекту спыніць навучанне самых магутных сістэм штучнага інтэлекту як мінімум на шэсць месяцаў, спасылаючыся на «вялікую небяспеку для грамадства і чалавецтва».
Днямі даследчык Джэфры Хінтан (Geoffrey Hinton), які адыграў вырашальную ролю ў распрацоўцы штучных нейронных сетак, таксама далучыўся да скептыкаў і папярэдзіў аб патэнцыйных пагрозах далейшага развіцця штучнага інтэлекту.
CNN прыводзіць словы віцэ-прэзідэнта Microsoft Юсуфа Мэхдзі аб тым, што заклікі да такой паўзы не вельмі карысныя. «Некаторыя людзі думаюць, што мы павінны прыпыніць распрацоўку на паўгода, але я не ўпэўнены, што гэта нешта выправіць, палепшыць або зрушыць з месца», — адзначыў Мэхдзі і дадаў:
«Адзіны спосаб па-сапраўднаму добра стварыць гэтую тэхналогію — гэта прадставіць яе шырокай публіцы, каб мы маглі яе абмяркоўваць».