Міліцыя выпадкова выклала ўнутраны дакумент з аналізам медыяў. Вось каго яны чытаюць
Нехта з сілавікоў памылкова запосціў сваю справаздачу ў канал «50 адценняў праўды/хлусні».
Канал «50 адценняў праўды/хлусні» з’явіўся ў ліпені 2020 года і паліваў брудам Сяргея Ціханоўскага і аб’яднаны штаб апазіцыі, у які тады ўваходзіла Святлана Ціханоўская. Час ад часу там з’яўляюцца «інсайды» кшталту асабістых перапісак, якія могуць быць толькі ў сілавікоў.
У апублікаваным і адразу ж выдаленым дакуменце «агляд СМІ па стане на 16:00 23.01.2025» крыніцы інфармацыі разбітыя на тры групы. Гэта «незалежны парадак дня», «дзяржаўны парадак дня», а таксама раздзел «У адносінах да электаральнай кампаніі».
У незалежных за сёння былі наступныя навіны:
- Blizko.by з тэмай пра тое, што мінчане могуць паскардзіцца на завышэнне цэн або недахоп тавараў,
- навіна з тэлеграм-канала «Баста» пра тое, што таварныя знакі «Бусліка» будуць прадаваць,
- тэлеграм-канал «Мінск. Галоўнае!» з навінай пра яўку падчас датэрміновага галасавання,
- Digital Intelligence Team з навінай пра бальніцу КДБ за 16 мільёнаў даляраў,
- тэлеграм-канал Blizko.by з навінай пра тое, што кандыдат-спойлер Сыранкоў прапануе замяніць пасаду прэзідэнта на пасаду старшыні,
- канал US Today/Соединенные Штаты Сегодня пра тое, што ў Бостане пабачылі плакаты ў падтрымку Лукашэнкі,
- REFORM.news з навінай пра ўцечку азота з трубаправода,
- EX-PRESS.LIVE за навінай пра дрэнную хурму з крамаў.
У дзяржаўнага парадку дня:
- тэлеграм канал «Пул першага» з навінай пра дзяржаўныя знакі якасці ад Лукашэнкі,
- тэлеграм-канал Мінгарвыканкама з навіной пра Ноч адкрыццяў у нацыянальнай бібліятэцы ды навіной пра «Марафон адзінства»,
- тэлеграм-канал Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з навіной пра тое, што міністр адукацыі Іванец сустрэўся з рэктарам, супрацоўнікамі ды студэнтамі БДУ,
- расійскі сайт Sputnik Беларусь, які напісаў пра тое, што цэлых 15 беларусаў прыехалі прагаласаваць з‑за мяжы.
У адносінах да электаральнай кампаніі адзначаная сённяшняя фэйкавая рассылка ГУБАЗіКа (відаць, прэс-служба не ўдзельнічае ў такіх аперацыях і таму не ведае, што гэта праца саміх сілавікоў). Таксама адзначаныя два каментары з тэлеграм-чатаў:
- каментар карыстальніка ў чаце «Уручча»: «Нядобранадзейнае спадарства, а да некага ўжо прыходзілі мянты для прафілактычнай гутаркі перад выбарамі? Да мяне ранкам прыйшлі, праўда, не засталі. Давялося вызвоньваць мяне і настойліва прасіць сустрэчы. Пагадзіўся пад’ехаць да іх у Першамайскі РАУС».
- і каментар у чаце «Мінск мір чат»: «Абавязкова прагаласуйце, а то Санечка ваш улюблёны не пераможа на выбарах».
У цэлым, агляд СМІ складзены даволі акуратна. Па ўсім відаць, што робіцца ён не для прапаганды, а для таго, каб кіраўніцтва МУС атрымлівала агляд таго, што пішуць.