• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міліцыя прыпыніла праверку ў дачыненні да магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова

    Начальнік Кастрычніцкага РАУС Магілёва палкоўнік міліцыі Аляксандр Сільвановіч у сваім лісце паведаміў магілёўскаму журналісту Аляксандру Буракову (малодшаму), што праверка ў рамках крымінальна-працэсуальнага кодэкса ў дачыненні да яго прыпыненая.

    Аляксандр Буракоў атрымаў гэты ліст у адказ на сваю заяву ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва, якую журналіст накіраваў 21 лістапада 2018 г. У заяве Буракоў прасіў паведаміць, да якой даты будзе працягнута распачатая ў дачыненні да яго праверка ў межах крымінальна-працэсуальнага кодэкса паводле артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса (Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці).

    Нагадаем, што 8 лістапада Аляксандру Буракову патэлефанаваў старэйшы лейтэнант міліцыі Павел Кот і прапанаваў прыйсці на гутарку ў Кастрычніцкі РАУС г. Магілёва, бо супрацоўнікамі праваахоўных органаў ў адносінах да А. Буракова праводзіцца праверка. Журналіст адмовіўся ісці ў РАУС, пакуль яму не будзе дасланая афіцыйная позва, але пагадзіўся сустрэцца з супрацоўнікам міліцыі ў горадзе.

    Падчас сустрэчы Павел Кот прапанаваў А. Буракову даць тлумачэнні ў сувязі з правядзеннем у дачыненні да яго праверкі органаў МУС па арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па “факце дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі ПЦ “Вясна”. Журналіст даведаўся, што праверка ў межах Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ праводзіцца Кастрычніцкім РАУС г. Магілёва з 8 кастрычніка 2018 г. Супрацоўнікі праваахоўных органаў узялі тлумачэнні ў некалькіх чалавек, з якімі Буракоў сустракаўся ў якасці журналіста mspring.online, і на падставе гэтага нібыта пацвердзілі яго датычнасць да дзейнасці ПЦ “Вясна”.

    Арт. 193–1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжваецца адказнасць у выглядзе штрафу, або арышту на тэрмін да шасці месяцаў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

    Палкоўнік Сільвановіч у сваім адказе ўказаў, што заява Алеся Буракова далучаная да матэрыялаў праверкі, а сама праверка прыпыненая ў адпаведнасці з п. 2 ч.1 арт. 173–3 КПК — «неатрымання вынікаў экспертызы ці праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці».

    Сам А. Буракоў мяркуе, што такая падстава для прыпынення праверкі “выглядае смешна”. Журналіст лічыць, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў ён не здзяйсняў і не здзяйсняе.

    Улічваючы, што я не хаваю сувязь з «Вясной», распачаць крымінальную справу па «193.1» у маім выпадку лёгка. Іншая справа, што ўладзе зняволеныя або аштрафаваныя па гэтым артыкуле ў гэты перыяд часу вельмі невыгодныя, — кажа Аляксадр Буракоў.

    Праваабаронца Барыс Бухель адзначыў, што, сапраўды, прыпыненне праверкі на падставе «неатрымання вынікаў экспертызы ці праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці» выглядае надуманым.

    Я параіў Аляксандру Буракову накіраваць заяву ў Кастрычніцкі РАУС з просьбай азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Калі яму гэта дазволяць зрабіць, можна будзе зразумець, хто на сам рэч з’яўляўся ініцыятарам гэтай праверкі ў адносінах журналіста і чаму яна прыпыненая.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці