Міліцыя прыйшла з ператрусам да бярозаўскага блогера Кабанава
У Бярозаўскім раёне адбыўся ператрус у памяшканнях, якія маюць дачыненне да мясцовага блогера Аляксандра Кабанава.
Раніцай 8 жніўня Кабанава выклікалі ў Бярозаўскі РАУС “для дачы тлумачэнняў” (так было пазначана ў позве). У міліцыі паведамілі пра неабаходнаць правесці агляд кватэры ў Бярозе, дзе жыве блогер, а таксама ў хаце ў вёсцы Сошніца і бацькоўскім доме.
Супрацоўнікі Бярозаўскага РАУС адзначылі, што агляд робіцца паводле распачатай праверкі наконт заявы брэсцкага міліцыянта Мікалая Рабушкі. У гэтай заяве міліцыянт просіць завезці крымінальную справу ў дачыненні да Аляксадра Кабанава паводле артыкула 189 Крымінальнага кодэкса (“абраза”).
Супрацоўнік міліцыі лічыць, што блогер нібыта абразіў яго ў сваёй анлайн-трансляцыі на YouTube-канале “Народны рэпарцёр”. Пры гэтым Кабанаў упэўнены, што хаця напярэдадні ператрусу крымінальнага справа не была распачатая, а падчас агляду міліцыянты нічога крамольнага не знайшлі, наўрад ці гэтым усё скончыцца.
Раней па заяве згаданага Мікалая Рабушкі ў Брэсце распачалі крымінальную справу за абразу ў дачыненні да калегі Аляксандра Кабанава – блогера Сяргея Пятрухіна. У кватэры Пятрухіна супрацоўнікі міліцыі таксама рабілі ператрус, забралі камп’ютар і іншую аргтэхніку. Прычым зроблена гэта было ў той час, калі Пятрухін быў затрыманы нібыта “за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе знаходзіўся амаль трое сутак.