• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міліцыянт пакрыўдзіўся на зьбітага ім жа журналіста

    На зьбітага ў Ленінскім РАУС Берасьця Дзяніса Марука, рэдактара сайту realbrest.by, маёр міліцыі Ігар Шутнік напісаў заяву.

    Міліцыянт, які, паводле журналіста, зьбіваў яго ў пастарунку, палічыў сябе абражаным за пост у сацыяльных сетках, дзе Дзяніс назваў яго «садыстам».

    Маёр міліцыі Ігар Шутнік напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці журналіста за гэтае слова.

    Праз гэтую заяву рэдактара сайту ўжо выклікалі ў РАУС, дзе былі ўзятыя тлумачэньні.

    Дзяніса Марука затрымалі 28 сакавіка. Пры гэтым яго жорстка зьбілі ў Ленінскім РАУС. Дзяніс сьцьвярджаў, што яго білі галавой аб сьцяну і падлогу, лыжкай расьціскалі зубы.

    Скарга міліцыянта зьявілася літаральна празь некалькі дзён пасьля таго, як Дзяніс Марук напісаў скаргу ў пракуратуру на супрацьпраўныя дзеяньні міліцыянтаў. Акрамя таго, рэдактар зьвярнуўся ў суд Ленінскага раёну з просьбай адмяніць адміністрацыйнае пакараньне. Пасьля зьдзекаў у РАУС Дзяніса аштрафавалі на дзьве базавыя велічыні за дробнае хуліганства. Журналіст не жадае мірыцца з пакараньнем і катаваньнямі:

    «Усё гэта страшна, бо насамрэч такое можа здарыцца з кожным чалавекам, які выйшаў у краму альбо па сваіх справах. Што да зьбіваньня, то пра гэта я маўчаць аніякім чынам ня маю намеру. Гэта немагчыма дараваць. Я не разумею, на якой падставе маёр міліцыі Ігар Шутнік зьбіваў мяне ў РАУС? Тое, што міліцыянты мяне душылі — гэта пагроза чалавечаму жыцьцю. Гэта не спэцсродкі, не прафіляктыка. Мне здаецца, што многія берасьцейцы, жыхары Беларусі ня могуць да гэтага часу ўявіць, што нешта падобнае можа адбывацца недзе побач. Таму буду намагацца, каб мяне апраўдалі, а вінаватых пакаралі. Я разумею ўсю сытуацыю: цалкам верагодна, што мяне будуць перасьледаваць, могуць падкінуць наркотыкі, зброю, зьбіць мяне ці нават забіць, але такія рэчы проста нельга дараваць. Ведаеце, калі вяртаесься дадому, бачыш, як плача жонка… Я моцны чалавек, шмат што магу вытрымаць, але наварочваюцца сьлёзы на вочы, калі тваё дзіця падыходзіць і кажа, што ў таты гузак, тату хіба баліць. Я не расказваў пра гэты выпадак сваім бацькам. Але маці даведалася, патэлефанавала мне і плакала. Гэта вельмі балюча. Асабліва за родных, яны вельмі моцна перажываюць. Але чаго б мне гэта не каштавала, я буду патрабаваць пакараньня вінаватых».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці