«Мілкавіта» супраць Юрася Карманава: пачаўся працэс за расследаванне аб радыеактыўным малацэ
У красавіку журналіст агенцтва Асашыэйтэд Прэс Юрась Карманаў набыў малако ў фермера з Хойніцкага раёна. Аналіз малака ў Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі паказаў, што дапушчальныя нормы колькасьці радыеактыўнага стронцыю перавышаныя ў 10 разоў. Але ж аналіз быў, ды не той, як высветлілася пазней.
Аб чым шум?
Артыкул журналіста, прысвечаны гэтай гісторыі, шырока разышоўся ў СМІ. А гомельская кампанія «Мілкавіта», якая займаецца вытворчасцю малочнай прадукцыі, падала на Юрася Карманава ў суд, бо той артыкул «нанёс шкоду дзелавой рэпутацыі кампаніі». «Мілкавіта» закупляе малако ў мясцовых фермераў і вялікую колькасць сваёй прадукцыі экспартуе ў Расію.
У сваю чаргу цэнтр гігіены і эпідэміялогіі заявіў, што на стронцый праверка малака не праводзілася: па-першае, для гэтага не хапіла б аб’ёму малака, што прынёс Карманаў, а па-другое, аналізы на стронцый робяцца даўжэй.
Але ж журналіст мае даведку, якую яму выдалі пасля аналізу малака. І паказчыкі стронцыю там ёсць.
У цэнтры гігіены і эпідэміялогіі тое назвалі выпадковасцю — камп’ютар проста ўпісаў лічбы ў даведку, бо павінен быў запоўніць радок. Аднак пра канкрэтныя паказчыкі гаворка ісці не можа, бо малако даследавалі радыеметрычным метадам, а на стронцый правяраюць спектраграфічным.
А што тычыцца даведкі, якую прад’яўляў Карманаў, то ў ёй ідзе гаворка пра аналізы малака на цэзій-137. І гэтыя паказчыкі, згодна з даведкай, у норме, падкрэслілі ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Далучыўся да справы і першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч. Ён таксама заявіў, што стронцыю ў малацэ быць не можа, назваўшы артыкул Карманава дэзінфармацыяй.
Разглядаць працэс павінны былі ў судзе Маскоўскага раёна, але пазней справу перадалі ў эканамічны суд Мінска.
22 лістапада прайшло падрыхтоўчае пасяджэнне па справе. У падрыхтоўчым пасяджэнні высвятляюцца пазіцыі бакоў і колькасць доказаў па справе.
Справу разглядае суддзя Тацяна Сапега.
«Мілкавіту» прадстаўляе наняты адвакат Кірыл Бізунок. Ад самога прадпрыемства на працэс ніхто не прыйшоў. Даваць якія-небудзь каментары па справе Бізунок адмовіўся.
Асноўнае патрабаванне «Мілкавіты» — абвяржэнне інфармацыі пра той стронцый. Грошай ад Карманава не патрабуюць. Суд просяць прызнаць інфармацыю ў артыкуле «Асашыэйтэд прэс» несапраўднай. Таксама «Мілкавіта» хоча, каб Карманаў апублікаваў на сайце «Асашыэйтэд прэс» абвяржэнне.
Судзіцца будуць доўга
Свае хадайніцтвы прадаставіў і адказчык. Карманаў папрасіў адкласці разгляд справы, бо на пасяджэнне не змог трапіць яго адвакат Сяргей Зікрацкі. Адвакат ад «Мілкавіты» з гэтым не пагадзіўся. Суддзя Сапега вырашыла, што падрыхтоўчае пасяджэнне можа прайсці і без Зікрацкага. Праўда, Карманаў падстрахаваўся і запрасіў на працэс іншага адваката, Вольгу Залескую.
Залеская заявіла, што разам з журналістам адказваць па справе павінна і кампанія Асашыэйтэд прэс, бо інфармацыю на сайце размяшчала менавіта інфармагенцтва, а не ўласнаручна Юрась Карманаў.
Усе патрабаванні Карманаву даслалі поштай, падкрэсліў адвакат «Мілкавіты». Але ж, у сваю чаргу, журналіст заявіў, што нічога не атрымліваў — і зноў папрасіў адкласці пасяджэнне.
Разглядаць хадайніцтвы суд будзе некалькі дзён. Пасяджэнне працягнецца 28 лістапада а палове на 12 гадзіну.