Мінінфарм абяцае адмяніць абавязковы 5‑гадовы стаж для рэдактараў медыя
Пакуль, праўда, размова ідзе толькі пра сеткавыя выданні.
Міністэрства інфармацыі абяцае змяніць кваліфікацыйныя патрабаванні да галоўных рэдактараў сеткавых выданняў, магчымасць рэгістраваць якія з’явяцца неўзабаве ў абноўленым законе “Аб СМІ”.
— Кваліфікацыйныя патрабаванні былі распрацаваны даўно і тычацца ў першую чаргу друкаваных выданняў. Мы разумеем, што ў гэтым выпадку трэба быць больш гнуткімі, — заявіў агенцтву БЕЛТА першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі.
Сёння, паводле беларускага заканадаўства, пасаду рэдактара СМІ можа заняць толькі чалавек, які мае пяцігадовы стаж працы на кіруючых пасадах у медыя.
— Між тым кіраўнікі сеткавых рэсурсаў — гэта часта маладыя людзі. Фармальна вопыт работы ў іх невялікі, але па факце яны прафесіяналы ў сваёй справе, — гаворыць Павел Лёгкі.
У міністэрстве мяркуюць, што кваліфікацыйныя патрабаванні будуць змененыя пастановай Урада, якая выйдзе ў адпаведнасці з нядаўнімі зменамі заканадаўства. Такім жа чынам будзе вызначаны і парадак абавязковай ідэнтыфікацыі каментатараў на форумах.
Нагадаем, што папраўкі ў заканадаўства аб СМІ былі прынятыя беларускім парламентам у красавіку-траўні бягучага года і зараз праходзяць аналіз у Канстытуцыйным судзе, пасля чаго будуць падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам.
Прадстаўнікі медыясупольнасці неаднаразова звярталі ўвагу ўладаў на праблемныя нормы новага закона, у тым ліку на складаны парадак рэгістрацыі сеткавых выданняў.
Беларуская асацыяцыя журналістаў накіроўвала свае заўвагі ў Міністэрства інфармацыі і адпаведную камісію Палаты прадстаўнікоў, аднак амаль усе спрэчныя нормы ў дакуменце захаваліся. У законапраекце застаюцца абавязкі рэдакцый адсочваць змест каментароў, абавязковая ідэнтыфікацыя каментатараў у інтэрнэце і пазасудовыя магчымасці Міністэрства інфармацыі блакаваць інтэрнэт-рэсурсы.
Фота Дар’я Буракіна, TUT.BY