Мінінфарм правярае, ці можа грамадзянін Расіі Коц быць галоўным рэдактарам «Камсамольскай праўды ў Беларусі»
Ад пачатку лістапада «Камсамольскую праўду ў Беларусі» ўзначаліў адыёзны расійскі журналіст Аляксандр Коц. Гэта адбылося пасля моцнага ціску на рэдакцыю: пасадкі журналістаў, адмовы ў друку газеты.
Коц падпісаны ў выходных звестках не як выканаўца абавязкаў рэдактара, а як паўнавартасны галоўны рэдактар.
Але паводле заканадаўства гэту пасаду можа займаць толькі ўладальнік беларускага пашпарта. Як Коцу ўдалося абысці правіла?
Некалькі дзясяткаў чалавек склалі калектыўны зварот у Міністэрства інфармацыі з просьбай правесці праверку.
«У вызначаны заканадаўствам тэрмін міністэрства праверыць адпаведнасць галоўнага рэдактара патрабаванням беларускага заканадаўства і абавязальніцтвам краіны па міжнародных дамовах», — гаворыцца ў адказе намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага.
«Наша Ніва» папрасіла Бузоўскага патлумачыць, як менавіта будуць правяраць Коца і ці папросяць прадэманстраваць пашпарт. Чыноўнік не стаў удакладняць і толькі запэўніў, што ўсе фармальнасці будуць вытрыманыя.