Мінінфармацыі прапанавала тры варыянты, як каментатары змогуць праходзіць ідэнтыфікацыю на сайтах
На сайце Міністэрства інфармацыі з’явіліся тлумачэнні да меркаваных зменаў у Закон аб СМІ. Звяртаем увагу на некаторыя акцэнты і ўдакладненні, зробленыя чыноўнікамі.
Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ
Як будзе адбывацца ідэнтыфікацыя карыстальнікаў інфармацыйных сайтаў?
Канчатковы адказ будзе сфармуляваны пастановай урада, але Мінінфарм назваў два магчымыя варыянты. Альбо праз СМС-паведамленне — тады на мабільны тэлефон чытача прыйдзе спецыяльны код, і акаўнт будзе прывязаны да мабільнага нумару, альбо праз электронную пошту, альбо праз профіль у сацыяльных сетках.
Чыноўнікі адзначаюць, што на большасці рэсурсаў падобная рэгістрацыя ўжо існуе.
Якія тэлеканалы не дацягваюць да 30% нацыяльнага кантэнту ў эфіры?
Асноўныя тэлеканалы — «Беларусь 1», «Беларусь 3», «АНТ», «СТБ» — ужо адпавядаюць патрабаванням. Праблемы ўзнікнуць у «НТВ-Беларусь» і «Расія-Беларусь», дзе праграмы ўласнага вяшчання не перавышаюць 10%. Каб павялічыць долю сваіх перадач, давядзецца павыкідаць з эфіру расійскі кантэнт.
Чаму Мінінфарм абмяжоўвае доступ да сайтаў без рашэння суда?
«У мэтах аператыўнага рэагавання на супрацьпраўныя праявы ў Інтэрнэце, якія прычыняюць шкоду грамадскім і дзяржаўным інтарэсам», — тлумачаць чыноўнікі.
Судовае разбіральніцтва — працяглы працэс, наракаюць яны. «Немагчыма дапусціць распаўсюд у вольным доступе інфармацыі, якая прапагандуе гвалт … Зацягванне абмежавання доступу да такой інфармацыі, па сутнасці, з’яўляецца пасобніцтвам у здзяйсненні правапарушэнняў».
Што рабіць тым, чый сайт заблакавалі без рашэння суда?
Чыноўнікі раяць звярнуцца ў Мінінфарм з пісьмовай заявай. Праз месяц заяву разглядзяць. Увесь гэты час сайт будзе недаступны.