Міністэрства інфармацыі забаніла электроную пошту партала gs.by
У лютым 2022 года Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да сайта gs.by за ранейшыя публікацыі матэрыялаў з іншых крыніц, якія пазней былі прызнаны экстрэмісцкімі.
Уладальнік сайта Яўген Валадашчук выдаліў названыя Мінінфармам экстрэмісцкімі матэрыялы і адаслаў пра тое паведамленне на электронны адрас Міністэрства.
Калі адказу на свой ліст не атрымаў, то ў сакавіку адправіў электроннае пісьмо паўторна. На што прыйшло паведамленне, што пісьмо адрасатам не атрымана. Праз Google ўладальнік сайта высветліў, што электронны адрас, з якога ён пасылаў лісты ў Міністэрства інфармацыі, унесены атрымальнікам у чорны спіс.
Калі такім чынам Міністэрства інфармацыі забаніла магчымасць кантактаў з сабой праз электронную пошту, уладальнік сайта адправіў той самы ліст таму самаму адрасату звычайнай поштай.
Цяпер сайт партала gs.by у Беларусі даступны праз VPN, хоць у некаторыя дні адкрываецца і без VPN. За мяжой ён свабодна адкрываецца.
Нагадаем, што друкаваныя «Газета Слонімская» і «Аддушына» перасталі выходзіць з друку ў лістападзе 2020 года. 9 лістапада таго года ў рэдакцыі і ў выдаўца дома прайшлі вобшукі і была забрана ўся тэхніка.
Пазней друкаваць «Газету Слонімскую» і «Аддушыну» не пагадзілася ніводная друкарня ў Беларусі.