Міністэрства сувязі распрацавала новы дакумент для блакавання сайтаў у Беларусі
Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі распрацаваны праект Указа Прэзідэнта “Аб удасканаленні парадку выкарыстання інфармацыйнай прасторы”. Пра гэта стала вядома з адказу Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Беларусі на зварот прэс-сакратара Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага.
У адказе за подпісам Генадзя Бялкова гаворыцца, што Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі распрацаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб удасканаленні парадку выкарыстання інфармацыйнай прасторы”, які прадугледжвае парадак абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюць інфармацыю, забароненую або абмежаваную да распаўсюджвання заканадаўчымі актамі.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярнулася ў міністэрства, каб азнаёміцца з тэкстам дакумента, а таксама даведацца, на якім этапе знаходзіцца яго ўзгадненне.
Аднак ва ўпраўленнях электрасувязі, прававой і кадравай працы, а таксама Дэпартаменце інфарматызацыі міністэрства прэс-службе ГА “БАЖ” паведамілі, што нібыта нічога не ведаюць пра падрыхтаваны Указ у галіне інтэрнэта.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” накіроўвае ў Міністэрства пісьмовы зварот з гэтай нагоды з просьбай даць магчымасць азнаёміцца з дакументам і абмеркаваць яго.