• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міністр інфармацыі жадае “прызямліць” у Беларусі сацсеткі, каб трымаць іх на кантролі

    Улады арганізавалі ў Гродне так званы “Форум маладых журналістаў”, дзе напампоўвалі патэнцыйных медыйнікаў “правільнай ідэалогіяй”. Сярод мадэратараў адзначыўся і міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, які настойліва прасоўваў непапулярную ў асяродку новай генерацыі думку пра татальны кантроль над сацыяльнымі сеткамі і месенджарамі.   

    Чыноўнік не хаваў, што з’яўляецца заўзятым прыхільнікам таго, каб сацыяльныя сеткі і месенджары “на законных падставах” атрымлівалі юрыдычны статус у краіне сваёй дзейнасці. Мара кіраўніка Мінінфарма – паставіць кожную такую пляцоўку на ўлік у кантрольным рэестры ведамства.  

    “Для пачатку іх трэба “прызямліць” у нашай краіне: каб быў офіс, юрыдычны адрас, фізічна прысутнічалі людзі, якія вядуць гаспадарчую дзейнасць і з якімі можна ўступаць у перамовы. Пакуль у нас няма ніводнай такой сацыяльнай сеткі. Хаця перамовы – адкрытыя і закрытыя –  з многімі гульцамі рынку вядуцца. І першыя спробы ўзаемадачыненняў з імі станоўчыя – і па навінавых агрэгатарах, і па іншай дзейнасці. Таму мы да гэтага працэсу абавязкова прыйдзем. Рэгуляваць дзейнасць – так, трэба!”, – цытуюць міністра афіцыйныя СМІ.  

    У непрыхаваным жаданні абмяжоўваць усё, што не адпавядае ідэалагічным пастулатам цяперашняй улады, міністр прыкрыўся дзяжурнай фразай: маўляў, рэгуляванне алгарытмаў сацыяльных сетак перадусім важна для “фармавання светапогляду ў дзяцей”. Нібыта з гэтага клопату і паўстае пытанне фільтрацыі непажаданага кантэнту.

    “Да пытання рэгулявання алгарытмаў сацыяльных сетак мы падыходзім вельмі сур’ёзная. Любая сацсетка ўжывае, на жаль, падступныя алгарытмы дзеля фармавання пэўнага светапогляду ў дзіцяці. Прыйшло з маркетынгу, але цяпер гэта, на жаль, ідэалогія. І ўсё тое, што мы зараз маем у грамадстве, гэта вынік недзе намі недапрацаванага. Таму важна сустракацца з моладдзю, адказваць на любыя, самыя нечаканыя і самыя нязручныя пытанні”, – заявіў кіраўнік ведамства, дагэтуль не заўважаны ў схільнасці да плюралізму нават у асобна ўзятым журналісцкім асяродку.

    Цяпер у вышэйшых чыноўнікаў стала модна спасылацца на “ўрокі вялікай айчыннай”, таму кіраўнік міністэрства інфармацыі гэтаксама паспрабаваў уплесці ў пасыл да моладзі ідэалагічныя аспекты прапаганды: калі не стане абаронцы-Лукашэнкі, ад Беларусі застануцца “руіны”.

    “А інакш адказы на пытанні дадуць нашы апаненты. І будзе, як з гісторыяй Вялікай айчыннай вайны, генацыду беларускага народа і ўсімі астатнімі нашымі асноватворнымі пастулатамі. Мы думалі, што яны непарушныя, а зараз маем тое, што столькі глупства, столькі розных фэйкаў навокал! І ёсць ужо цэлае пакаленне, якое верыць у тое, што гэта праўда. Медыяпісьменнасць надзвычай важная для тых, хто спажывае інфармацыю праз сучасныя сродкі камунікацыі”, – падзяліўся вопытам адміністрацыйнай дзейнасці ў дзяржаўных СМІ Уладзімір Пярцоў.

    Ну і дзе яшчэ, як ні на форуме для молодзі расказаць пра “шматлікія фэйкі”, якія перапоўнілі інфармацыйныя прасторы сацсетак – пачынаючы з каментароў пад артыкуламі раённых газет і да абсалютна “варожых каналаў”.

    “У нас нават раённыя газеты на 80–90% чытаюць праз мабільныя прылады. Падступства такога сродку камунікацыі ў тым, што наш чалавек прызвычаіўся: калі гэта СМІ, то дакладна праверана. То бок прайшло прынамсі ўнутраную самарэдактуру ці, як кажуць у журналістыцы, фактчэкінг, і гэтаму можна давяраць. І ўсё, што з’яўляецца – як па дзяржаўных каналах, так і па альтэрнатыўных, у тым ліку і варожых (ва ўмовах інфармацыйнай вайны маем права так казаць) – людзьмі ўспрымаецца як ісціна. А гэта часцяком шмат у чым фэйкі».

    Больш падрабязна спыніўшыся на “шкодзе” апанентаў, міністр з вышыні сваёй іерархіі ў дзяржвертыкалі патлумачыў: тое, што робяць недзяржаўныя СМІ – не журналісцкая канструкцыя паводле вызначэння. Пачынаюць з факта, якога і ў прыродзе не было, а пасля “абгортваюць” пэўнымі сэнсамі. А далей узнікаюць эмоцыі. І зрабіў выснову: галоўная мэта стваральнікаў такіх канструкцый – падахвочваць людзей на супрацьпраўныя дзеянні, за якія, калі схлынуць эмоцыі, сама меней сорамна.

    Праўда, не сказаў, што нават за аўтаматычна пастаўленую  падабайку пад публікацыяй у гэтай краіне можна апынуцца за кратамі. Але пры гэтым вобразна адзначыў: каб не паддавацца вонкаваму ўплыву, мусіць быць “лічбавая гігіена”. І заклікаў маладое пакаленне лішні раз не рызыкаваць, а проста цяпер рабіць стаўку на “сапраўдную беларускую журналістыку” – найлепшы арыентыр данясення праўды да насельніцтва.

    «Наша журналістыка прынцыпова адрозніваецца ад канструкцый, якія  прапануюць прапагандысты сумежных дзяржаў – мы не прымушаем пісаць хлусню, не прымаем на працу за эсэ паклёпніцкага характару, не прапускаем праз дэтэктар хлусні, каб раптам не было нейкай пазітыўнай думкі аб кіраўніцтве дзяржавы. На нашым баку праўда. Трэба толькі быць больш паваротлівымі, актыўнымі, эфектыўнымі ў даступных асяродках: гэта і традыцыйныя медыя, і канвенцыйны інтэрнэт, які дазваляе дастукацца да спажыўцоў», – выказаў абазнанасць Уладзімір Пярцоў.

    У сваёй прамове міністр інфармацыі панаракаў: яшчэ пару гадоў таму немагчыма было ўявіць, што Беларусь уцягнуць у “інфармацыйную вайну”. А цяпер гэта канстатацыя факту. Дагэтуль, маўляў, лічбавая прастора ўспрымался як “тэрыторыя свабоды”, а цяпер там пануе “татальная ідэалогія калектыўнага Захаду”. І заадно прысароміў гігантаў інтэрнэт-індустрыі, якія вядуцца на “падман ворагаў беларускай улады”.

    “Вядома, трэба адэкватна рэагаваць на такія выклікі, але, тым не менш, пасля такіх учынкаў з боку лічбавых гігантаў нам лягчэй тлумачыць нашым, асабліва маладым людзям, што ўсё не так адназначна. Тыя куміры, якія ў вас некалі былі, яны не такія ўжо куміры. І законы не зусім  кананічныя, паколькі ўсё, што яны нам прышчаплялі, руйнуюць сваімі ўласнымі рукамі. Гаварыць праўду становіцца лягчэй, бо нішто так не пераконвае чалавека, як прыклад, які ён можа ўбачыць на свае вочы», – падсумаваў міністр інфармацыі. 

    Ад пратэстнага жніўня 2020 года беларускія ўлады без аніякай  аргументацыі прызналі “экстрэмісцкімі” матэрыяламі і фармаваннямі дзясяткі СМІ і інтэрнэт-супольнасцяў, а за кратамі за спрыянне дзейнасці такіх “крамольных каналаў” апынуліся не толькі журналісты і грамадскія дзеячы, а нават удзельнікі дваровых чатаў.   

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці