• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мне чым страшней, тым сьмяшней». Размова з Паўлам Вінаградавым

    Фігурант крымінальнай справы аб паклёпе на Лукашэнку расказвае, як зь яго пажартавалі бярэзінскія міліцыянты, чаму хоча трапіць на падкаст да Славы Камісаранкі і што далей будзе з краінай.

    Размова Свабоды з палітвязьнем «Плошчы-2010», грамадзкім актывістам, цырульнікам і бярэзінскім блогерам Паўлам Вінаградавым адбываецца неўзабаве пасьля ягонага чарговага паходу ў Сьледчы камітэт. Туды яго выклікалі ў якасьці фігуранта справы, заведзенай пасьля аднаго з пастоў у фэйсбуку. У ліпені Вінаградава за гэты пост арыштавалі, пратрымалі за кратамі 45 сутак, а пасьля нечакана выпусьцілі. Павал выйшаў і гэтаксама нечакана паведаміў, што нікуды зь Беларусі не паедзе. Цяпер час ад часу ходзіць у СК.

    «Думаў, ня выйду, торбы ўзяў з сабой. Але во выйшаў»

    «Допыту ў мяне не было сёньня, — кажа Павал Вінаградаў пра візыт у будынак Сьледчага камітэту Бярэзані ўвечары 26 лістапада. — Якія ў мяне могуць быць допыты, я ж паказаньняў ніякіх ніколі не даю. То мне паказвалі вынікі экспэртыз па маёй крымінальнай справе. Яна пакуль не закрытая. Да 5 сьнежня мне павінны абвясьціць, закрыюць яе ці працягнуць. Альбо ў суд перададуць. Што яны там расьсьледуюць, я сам не разумею. У мяне ні падзельнікаў, нікога няма. Але мы ж у Беларусі, то можа быць усё што заўгодна. То я пайшоў у СК зь дзьвюма вялікімі торбамі. Думаў, што ня выйду. Але вось неяк выйшаў».

    Напярэдадні паходу ў Сьледчы камітэт Паўла агаломшыла яшчэ адна навіна — яго тэлеграм-канал «Бярэзінскія хронікі» прызналі экстрэмісцкім. Кажа, напачатку нават не паверыў у саму магчымасьць такога прызнаньня.

    «Ашчушчэнія» ў мяне неверагодныя былі, — кажа Вінаградаў. — Я спачатку падумаў жа, што гэта фэйк. Што гэта польскія спэцслужбы на мяне такое распаўсюджваюць, альбо нехта накшталт іх. Але не. Аказалася, што гэта Генэральная пракуратура на поўным сур’ёзе па прадстаўленьні пракуратуры гораду Бярэзані прызнала тэлеграм-канал «Бярэзінскія хронікі» экстрэмісцкім. Што там было экстрэмісцкага, я ня ведаю. Там у асноўным былі допісы пра тое, як я кабачкі вырошчваю, як бутэлькі пустыя вазіў здаваць. Пра жыцьцё ў Бярэзані, як малы (сын. — РС) у садок ходзіць. Такое вось усё. Канечне, я і пра тое пісаў, як мне міліцыя самагонку вярнула і як я ў турме сядзеў. Але што ж у гэтым экстрэмісцкага?»

    Вінаградаў кажа, што нават пайшоў пагугліць, хто такія экстрэмісты і што азначае гэты тэрмін. Раптам на самой справе туды можна залічыць вырошчваньне кабачкоў каля хаты. Аднак разабрацца ў гэтым інтэрнэт не дапамог, таму прыйшлося выдаліць «Бярэзінскія хронікі» далей ад граху і ад чарговага прыходу міліцыі.

    «Праз 36 хвілін пасьля паведамленьня Генпракуратуры канал выдаліў, — удакладняе Павал Вінаградаў. — Але яны калі захочуць прыцягнуць да адказнасьці, то прыцягнуць, канечне. Я на ўсякі выпадак выдаліў. Праўда, я адразу і новы завёў. Захацелася неяк „угарнуць“ з гэтай сытуацыі. Я падумаў сабе — а што будзе, калі назваць тэлеграм-канал „Экстрэмісцкі тэлеграм-канал“? То я так і зрабіў. Мэта — пабачыць у навінах паведамленьне пра тое, што Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь прызнала тэлеграм-канал „Экстрэмісцкі тэлеграм-канал“ экстрэмісцкім. Я калі гэта прачытаю, то буду тыдзень сьмяяцца. Можа, нават нехта Шнобэлеўскую прэмію атрымае».

    «Каб я пісаў усё, што хачу, то з турмы б не выходзіў»

    «Жонка мне пастаянна кажа, каб я быў акуратным і „фільтраваў базар“, так скажам, — гаворыць Вінаградаў. — Але я ўжо і сам у тэме, сам стараюся быць асьцярожным. Фільтрую, так скажам. Бо калі б я пісаў усё, што я хачу напісаць, і так, як я хачу напісаць, я б з турмы не выходзіў увогуле ніколі! А так вось часам выходжу. Я ж не вар’ят, да парадаў жонкі прыслухоўваюся. Але не пісаць увогуле нічога мне не дазваляе маё сьветаадчуваньне і сумленьне. Трэба хаця б пісанінай рэагаваць».

    У адным са сваіх пастоў у фэйсбуку Павал патлумачыў падпісчыкам прыроду ўласнага пачуцьця гумару, асабліва ў складаныя часы. Па яго словах, чым большы навокал «п… ц» (вельмі неспрыяльная сытуацыя. — РС), тым больш яму робіцца сьмешна. Пры гэтым ён сьцьвярджае, што найбольш весялосьці ў ягоным жыцьці зусім не цяпер. Яшчэ сьмяшней было ў 2011 годзе, калі Вінаградава пасадзілі ў турму за падзеі 19 сьнежня 2010 году ля Дому ўраду ў Менску.

    «Тады было максымальна сьмешна, — прызнаецца Павал. — Там жа сытуацыя такая, што калі не сьмяяцца, то можа быць яшчэ горш. У турме настолькі дрэнна, што чалавек сам падсьвядома рэагуе на ўсё сьмехам. Калі не сьмяяцца за кратамі, то дах паедзе вельмі хутка. Але і зараз сьмешна, канечне. Зараз тое самае адбываецца. У любы момант могуць прыйсьці і „закрыць“ за што-небудзь. Я нават ня ведаю, за што. Гэта ўсё б’е па мазгах вельмі моцна, людзі жывуць у пастаяннай напрузе. А мая рэакцыя на такое — гэта сьмех».

    Пасты Паўла Вінаградава ў Фэйсбуку з разнастайнымі камэнтарамі на вострыя бягучыя тэмы набіраюць сотні «лайкаў» і ўдзячных камэнтароў. На «Бярэзінскія хронікі» да выдаленьня каналу таксама былі падпісаныя ня толькі жыхары невялікай Бярэзані. Сам Вінаградаў пры гэтым кажа, што піша ў асноўным для сябе, а не для чытачоў і падпісчыкаў.

    «Але я разумею, што ў Беларусі не аднаму мне, скажам так, ня вельмі добра, — кажа ён. — Хтосьці сядзіць і думае, дай я Вінаградава пачытаю, што ён там яшчэ панапісваў. Дай зайду, гляну. Хай павесяліць мяне. Гэта прыкольна ўсё. Я рады, што людзям падабаецца, што яны чытаюць».

    «Міліцыя мне ў „Дзень цьвярозасьці“ самагонку прывезла. Я б сам у такое не паверыў ніколі»

    Адна з самых запамінальных «вінаградаўскіх гісторый» апошніх месяцаў зьвязаная зь візытам у дом Паўла міліцыі, якая нечакана прывезла яму забраную падчас ператрусу яшчэ ў ліпені самагонку. Перад гэтым супрацоўнікі мясцовага РУУС прасілі Вінаградава і яго бацьку забраць самагонку зь міліцэйскага пастарунку самім, але тыя адмаўляліся. Прычына адмовы — артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, які забараняе перавозіць самаробны алькаголь (захоўваць яго пры гэтым можна. — РС). У выніку ўся гісторыя набыла вядомасьць далёка за межамі Бярэзані.

    «Я б сам у гэта не паверыў, але ўсё так і было, — кажа Павал Вінаградаў. — Са мной адбываюцца неверагодныя сытуацыі. Калі б гэта было не са мной, то я б і не паверыў. Гэта ж яшчэ адбылося ў афіцыйны „Дзень цьвярозасьці“, які тады быў абвешчаны ў горадзе! Міліцыя ў Дзень цьвярозасьці арганізавала для мяне дастаўку самагонкі. Гэта як навіна з паралельнага сусьвету. Але вось усё яно так і было насамрэч. Яны хацелі вярнуць усё, што тады забіралі падчас ператрусу. Ім так трэба па працэдуры. А мы з бацькам самастойна адмовіліся забіраць яе, бо мы ж ведаем, дзе мы жывём. Усякае тут бывае. Прыйдзем забіраць, яе трэба дадому прывезьці. А перавозка — ужо артыкул. Самагонка ж выдатная, між іншым. І яны самі прывезьлі — атрымайце, расьпішыцеся. Ніхто не злаваўся, нават пажартавалі. Звычайна ўсё адбылося».

    Пасьля гэтай самагоннай гісторыі да Паўла на вуліцах пачалі падыходзіць жыхары Бярэзані і выказваць «рэспэкт». Па словах Вінаградава, бярэзінскія міліцыянты, прынамсі частка зь іх, самі ахвотна чытаюць яго допісы ў Тэлеграме. «Бярэзінскія хронікі» яны згадваюць рэгулярна, калі бачаць Паўла ў памяшканьні РУУС альбо за кратамі ў мясцовым ІЧУ. Праваахоўнікі нават жартуюць паміж сабой, што зь Вінаградавым трэба быць акуратным, каб ня трапіць пасьля ў Тэлеграм.

    «Калі мы сьмяёмся са словаў Лукашэнкі, то гэта зусім ня значыць, што ён жартуе»

    «У саміх міліцыянтаў таксама ёсьць пачуцьцё гумару, гэта 100%, — перакананы Вінаградаў. — Яно, канечне, можа быць вычварэнскім. Калі амапаўцы ў аўтазаку пачынаюць жартаваць, што ў Курапаты цябе павязуць. І сядзяць сьмяюцца. Але ёсьць і выдатны чорны гумар у іх. Як прыклад, магу расказаць гісторыю, што адбылася, калі я сядзеў у жніўні 2020 году ў Бярэзінскім РУУС. Мяне тады ў дзень выбараў пасадзілі. То там у адзін зь дзён яны ў калідор ІЧУ прынесьлі калёнку і ўключылі на ёй на ўсю гучнасьць песьню Аляксандра Саладухі „Зреет виноград зелёный“. Яна там вельмі доўга гучала на рэпіце. Прыкол я ацаніў. Гэта 10 з 10. Маёй жонцы таксама вельмі спадабалася».

    Па словах Вінаградава, за жарты ў складаныя для вялікай часткі беларусаў часы яго пакуль ніяк і ніхто не папракаў. Нават у прыватных паведамленьнях.

    «Хто ж мяне папракне ў чымсьці зараз, я ж публічна адмовіўся ўцякаць з краіны, — жартуе Вінаградаў. — Сьвятасьць гэтага ўчынку мае неверагодную веліч. Мяне немагчыма зараз у нечым папракаць. Яна ўсё пераважыла».

    «„У мірны час“ я, магчыма, стану панылым хмурным мужыком»

    Вінаградаў прызнаецца, што даўно цікавіцца прафэсійным стэндапам. Заходніх і рускамоўных комікаў пачаў глядзець задоўга да таго, як гэта стала папулярным у Беларусі. У допісах Паўла пэрыядычна зьяўляецца папулярызаваны беларускім стэндапэрам Славам Камісаранкам мэм «Чык-чырык».

    «Мэм „Чык-чырык“ зьявіўся раней у твітэры, калі я не памыляюся, Камісаранка яго проста выкарыстаў ужо, — кажа Павал Вінаградаў. — Але стэндап я даўно гляджу, пачаў яшчэ, калі гэта не было мэйнстрымам. Калі я пачну пералічваць усіх, хто мне падабаецца, то… Але можна паспрабаваць. Заходнія найперш — гэта Louis C. K., Bo Burn­ham. Калі стэндап па-расейску, то гэта Папярэчны, увесь склад стэп-клюбу № 1, наш суайчыньнік Ідрак Мірзалізадэ адтуль, напрыклад. Зь беларускага я б Нарышкіна адзначыў. Мне ў яго амаль усё падабаецца, даволі нядрэнны ўзровень».

    Павал прызнаецца, што і сам хацеў бы паспрабаваць сябе ў стэндапе.

    «Але я ж лянівы пракрастынатар, — кажа Вінаградаў. — І нягледзячы на наяўнасьць нейкага матэрыялу ў галаве, я не прадпрымаю ўвогуле ніякіх дзеяньняў, каб недзе паспрабаваць выступіць. Вось такі я раздаўбай. Але я калі паглядзеў апошні выпуск Дудзя зь беларускім комікам Славам Камісаранкам, то пачаў дзейнічаць крыху. Я ўдзельнічаю ў конкурсе на самую незвычайную гісторыю мянушкі, які абвясьціў Камісаранка ў канцы інтэрвію. Там прыз — удзел у запісе падкасту зь ім. Дык вось я ім даслаў гісторыю пра мянушку аднаго вязьня з калёніі, дзе я сядзеў. Мянушка была Bil­ly. І атрымаў яе той вязень таму, што яго часта білі іншыя. Такая вось гісторыя».

    Ці можна будзе жартаваць «у мірны час»? Вінаградаў перакананы, што можа і пра кабачкі сьмешна напісаць.

    «Хоць я ня ведаю, канечне, — задумваецца ён. — Магчыма, „у мірны час“ я стану панылым хмурным мужыком. А можа, і жартаваць працягну. Мой прагноз, што ўсё гэта скончыцца добра. Калі гэтае „добра“ будзе, я сказаць не вазьмуся. Але будзе дакладна. У 2020 годзе мы ўсе думалі, што ўжо вось-вось. У 2021 ужо няма такога адчуваньня. Але ў Беларусі проста няма іншага выбару, як стаць нармальнай дэмакратычнай краінай».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці