• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Многія VPN збіраюць даныя і могуць перадаць іх сілавікам. Расказваем, як ад гэтага абараніцца

    Днямі стала вядома, што папулярны кітайскі VPN збіраў даныя карыстальнікаў. Расказваем, як не трапіць у такую пастку і пачувацца ў бяспецы.

    Якіх VPN дакладна варта пазбягаць

    Мы звярнуліся з гэтым пытаннем да ініцыятывы Cyber­Beaver, і яны найперш раяць набываць платны VPN. Час ад часу сэрвісы робяць зніжкі, і VPN можна купіць за невялікую суму на цэлы год ці нават некалькі гадоў.

    Агулам правіла такое: бясплатны сыр часцей за ўсё ў пастцы. Не пампуйце праграмы для абыходу цэнзуры ці VPN-сэрвісы, пра якія нічога не вядома і якія не рэкамендавалі рэсурсы, якім вы давяраеце.

    Хоць апошняя ўцечка датычылася VPN-праграмы з назвай Air­plane Accel­er­ates, але, прадказальна, яна такая не адна. У спіс катэгарычна забароненых да выкарыстання патрапілі: UFO VPN, FAST VPN, Free VPN, Super VPN, Flash VPN, Secure VPN, Rab­bit VPN (усе іх робіць адна і тая ж кампанія Dream­fii)Hoxx, Geck­oVPN, ChatVPN, Bean­VPN і iNin­ja.

    Яны захоўваюць карыстальніцкія даныя, а ў некаторых выпадках нават дзеляцца імі з іншымі арганізацыямі, што ставіць пад пагрозу канфідэнцыйнасць і, такім чынам, робіць супрацьлеглае таму, што павінен рабіць добры VPN.

    Hoxx, да прыкладу, збірае звесткі карыстальнікаў і пакідае за сабой права перадаваць іх урадам па сваім меркаванні. iNin­ja вядзе ўлік часовых пазнак сваіх карыстальнікаў, асабістай інфармацыі і анлайн-актыўнасці.

    Dream­fii, які быў узламаны раней у гэтым годзе, захоўвае журналы падлучэнняў і іншыя звесткі для адсочвання і ідэнтыфікацыі сваіх карыстальнікаў. Гэта была найбольшая ўцечка ў гэтым годзе і закранула больш за 20 мільёнаў чалавек.

    Даследчая група Cybernews таксама нядаўна выявіла, што Bean­VPN пакінуў агульнадаступнымі 25 мільёнаў запісаў карыстальніцкіх звестах, уключаючы IP-адрасы і выкарыстаныя прылады.

    Ёсць і менш небяспечная форма збору звестак карыстальнікаў — калі вы «плаціце» рэкламай за тое, каб VPN быў бясплатны. Па-першае, такія VPN збіраюць гэтыя даныя, а па-другое, могуць даволі агрэсіўна падсоўваць вам розную дадатковую рэкламу, нават унутры браўзера (VPN можа падмяняць незашыфраваны рэкламны трафік).

    Вось спіс найбольш папулярных сэрвісаў, якія пакідаюць за сабой права збіраць і выкарыстоўваць вашы звесткі:

    • Hola,

    • Bet­ter­net,

    • Opera VPN,

    • HotSpot Shield,

    • Psiphon,

    • Ona­vo Pro­tect,

    • ZPN,

    • FinchVPN,

    • TouchVPN.

    Большасць з іх выкарыстоўвае або толькі звесткі для рэкламы, як Psiphon (які лічыцца даволі надзейным), або, як Hola, выкарыстоўвае вашу прыладу як адзін з вузлоў сваёй сеткі. Таксама сярод ненадзейных называецца IPVan­ish, які базуецца ў ЗША і заўважаны ў «зліве» звестак сілавым структурам ЗША.

    Малаімаверна, што яны перададуць нейкую інфармацыю сілавікам у Беларусі, але лепш быць з імі асцярожнымі.

    Дык як выбраць VPN?

    Пытанне выбару ў тым, давяраеце вы нейкай кампаніі ці сэрвісу, або не. Пры выбары і ўсталяванні VPN ініцыятыва Cyber­Beaver рэкамендуе:

    • правяраць распрацоўшчыкаў: хто робіць, чым яшчэ займаецца, якая матывацыя, якая юрысдыкцыя, ці ёсць ужо неадназначныя гісторыі аб працы сэрвісу;

    • спампаваць VPN з афіцыйнай крыніцы ад афіцыйных распрацоўшчыкаў;

    • выбіраць тыя, якія маюць адкрыты код праграмаў на github: адкрытасць кода сведчыць пра празрыстасць працы сэрвісу і гатоўнасць дзяліцца працоўнымі працэсамі;

    • банальна глядзець на папулярнасць сэрвісу і чытаць водгукі.

    Для выбару платнага VPN можна абапірацца або на падборку ад беларускіх праваабаронцаў з Human Con­stan­ta, або на сэрвіс ад праваабарончай арганізацыі «Роскамсвабода». Цікавую падборку зрабіла таксама ініцыятыва Bynet — агляд VPN, якія маюць серверы ў Беларусі.

    Таксама ёсць вось гэты рэсурс, на якім розныя VPN адказвалі на пытанні пра тое, якім чынам яны збіраюць і аналізуюць звесткі карыстальнікаў. Вось гэты сайт параўноўвае тое, колькі і якіх звестак збіраюць пра вас розныя VPN-сервісы. А яшчэ ёсць бот у тэлеграме, які дазваляе праверыць VPN па назве (і спраўдзіць, ці не заблакаваны ён у Расіі і Беларусі). А вось тут ёсць спіс з цэлых 190 розных сэрвісаў, якія параўналі па розных параметрах (ёсць і бясплатныя ці з пробныя перыядам), праўда, адноўлены ён у 2019 годзе.

    Але ёсць жа надзейныя бясплатныя VPN?

    Так, але іх можна пералічыць па пальцах. Pro­ton VPN — сэрвіс ад швейцарскай кампаніі, якая робіць бяспечную пошту Pro­ton­Mail. Яны хіба адзіныя, каго рэкамендуюць усе, бо трафік там не абмежаваны, хоць працуе ён не вельмі хутка, а кампанія клапоціцца пра рэпутацыю.

    Некаторыя VPN прапануюць абмежаваную колькасць трафіку. Да прыкладу, правераны сервіс Tun­nel Bear дае ўсяго 500 мегабайт на месяц, а Wind­scribe, які таксама не заўважаны ў «злівах», — 10 гігабайт.

    Пра Psiphon мы запыталіся ў ініцыятывы Cyber­Beaver і вось, што яны адказалі: «Psiphon — гэта канадская НДА. Аднак у Psiphon ёсць некалькі рэжымаў працы: як VPN і як проксі. І вось у некаторых з рэжымаў правайдар можа бачыць запыты карыстальнікаў па пошуку сайтаў. Хоць у любым выпадку гэта выдатны спосаб абыходу цэнзуры».

    Заўважым, што Psiphon, хоць і мае бясплатную версію, але пры гэтым зарабляе на рэкламе, уваходзячы ў некалькі рэкламных сетак адначасова. Пры гэтым сэрвіс не захоўвае IP-адрасы (толькі прыкладную лакалізацыю) і таксама клапоціцца пра рэпутацыю, таму яго можна рэкамендаваць для абыходу цэнзуры, а не для сапраўды бяспечнага доступу ў інтэрнэт.

    Таксама вы можаце павыбіраць са згаданага вышэй спісу (у графе Pric­ing ёсць інфармацыя пра бясплатнасць ці наяўнасць пробнага перыяду), але мы б не раілі карыстацца сэрвісам, пра які вы нічога не ведаеце і які не надта «гугліцца».

    Найлепш усё ж заплаціць за добры платны VPN, у якім вы будзеце ўпэўненыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці