«Мы адчуваем не надта прыязнае стаўленне да сябе» — старшыня мусульманскай абшчыны Гомеля
На гомельскай пляцоўцы “Медыяпрастора” адбылася сустрэча з мясцовымі мусульманамі.
Гэтае веравызнанне аб’ядноўвае прадстаўнікоў шматлікіх дыяспар. А першымі на землях Беларусі з’явіліся татары, якіх князь Вітаўт запрасіў у сваё войска як адмысловых ваяроў, пазней ён надзяляў іх зямлёй і зрабіў шляхцічамі. І было гэта шэсць стагоддзяў таму.
Менавіта са згадкі гэтай гістарычнай падзеі і пачаў свой аповед намеснік муфція духоўнага ўпраўлення мусульман Беларусі, старшыня мусульманскай рэлігійнай абшчыны Гомеля Сяргей Саранчук. Ён, дарэчы, у адрозненне ад іншых гасцей, этнічны беларус, былы вайсковец, адукацыю атрымаў у Гомелі ў інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту (цяпер гэта Беларускі ўніверсітэт транспарту). Да ісламу прыйшоў пасля азнаямлення з рознымі рэлігіямі. Кажа, выбраў менавіта іслам “за лагічнасць пабудовы гэтага веравучэння”.
Шэсць стагоддзяў згоды і павагі
Абшчына ў Гомелі існуе ўжо паўтара дзесяцігоддзя. А згадка пра 622 гады супольнага жыцця на адной зямлі беларусаў і татараў адразу зрабіла зразумелай і натуральнай абраную тэму.
Далейшая размова пра дзейнасць суполкі гомельскіх мусульман — з яе справамі, праблемамі, дасягненнямі і перспектывамі — была скіраваная збольшага ў практычнае русла. Бо погляд на чалавечае жыццё і ўспрыманне чалавека, па словах Сяргея Саранчука, яднае тры асноўныя рэлігіі планеты: іудаізм, хрысціянства і іслам. Пра іслам як вучэнне Сяргей Саранчук выказаўся коратка і ёміста: “Шлях дабра і зла з канчатковай мэтай імкнення да справядлівасці”.
Прысутнасць мусульман у СМІ нязначная
Пасля таго, як у жніўні 2004 года мусульманская суполка была афіцыйна зарэгістраваная, рабіліся спробы займець пляцоўку для будаўніцтва мячэці. Гарадскія ўлады вызначылі нават месца пад будаўніцтва ў мікрараёне № 17, пра што стала вядома гомельскім журналістам. Справа аднак далей не рухалася. Дэклараваная пляцоўка неўзабаве адышла камерцыйнай структуры. Урэшце гомельскія мусульмане мусілі задаволіцца прыстасаваным памяшканнем на вуліцы Карбышава. Зараз тут ідзе рамонт, сакральная будыніна ўжо адметная сваім выразным зялёным колерам.
Прысутных на імпрэзе сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў цікавіла, у прыватнасці, і тое, як суполка прадстаўлена ў СМІ, ці зацікаўленыя самі мусульмане, каб пра іх распавядалі.
Паводле Сяргея Саранчука, прысутнасць у мясцовых медыях мусульманскай абшчыны невялікая, хоць у Гомелі жыве тры тысячы мусульман. Гэта ў тым ліку і студэнты з мусульманскіх краін. Стала ў мячэць ходзіць каля сотні чалавек. На святочным намазе бывае ў паўтара, а то і ў два разы больш.
— Афіцыйныя медыя не імкнуцца распавядаць пра наша жыццё, — заўважае спадар Саранчук. — Гады тры-чатыры таму ў гарвыканкаме была размова наконт таго, каб жыццё абшчыны асвятлялася больш поўна. Але на тым ўсё і скончылася. Кіраўніцтва Гомельскага тэлебачання пры слове “мусульмане” пачынае літаральна трэсці. Усё, што я магу ўспомніць, гэта шматгадовай даўніны інтэрв’ю Марыі Шыманоўскай пра маючую адбыцца пабудову мячэці ды нядаўнюю вялікую гутарку з Ларысай Шчыраковай. Мы адчуваем не надта прыязнае стаўленне да сябе. Вось хоць бы каментар да інтэрв’ю Ларысы Шчыраковай: “Едзьце на сваю радзіму!” Падобным чынам ставяцца да мусульман і тутэйшыя міграцыйныя службы”.
Прамоўца мае прыклады не надта прыязнага стаўлення да людзей іхняй веры, якія патрапілі ў цяжкія жыццёвыя абставіны. Мусульмане адчуваюць сябе неабароненымі. Яны, аднак, гатовыя да супрацы са сродкамі масавай інфармацыі.
З іншага боку, не назіраецца цікавасці саміх журналістаў да жыцця мусульман. А ім ёсць пра што распавесці: пра іхныя вялікія святы, пра дапамогу мігрантам. Дый праблема халяльнай ежы штодзённа паўстае перад мусульманамі.
“Не хацеў бы нашкодзіць Украіне”
Карэспандэнт службы маніторынгу ГА “БАЖ”, пацікавіўся ў Саранчука, як ён ацэньвае той факт, што некаторыя гамельчукі, якія прылічваюць сябе да журналісцкай супольнасці, размяшчаюць на сваіх інфармацыйных рэсурсах рэкламу пра адпачынак у акупаваным Крыме?
— Сам я ў Крым ехаць не жадаю, — адказаў кіраўнік мусульманскай абшчыны. — Можна, канечне, звярнуцца ў міністэрства замежных спраў Украіны па дазвол. Але я не хацеў бы патрапіць у такую сітуацыю, каб зрабіць шкоду Украіне і ўкраінцам. Лаяльнае стаўленне да агрэсара, які анэксаваў Крым, мы не падтрымліваем. Крым — татарскі, украінскі.
Выбітны татарын пра нацыянальнага песняра
На сустрэчу з прадстаўнікамі мусульманскай абшчыны сябры БАЖ прынеслі аповесць “На шырокі прастор” Сцяпана Хусейнавіча Александровіча, літаратуразнаўцы, пісьменніка, прафесара Белдзяржуніверсітэта — ён у свой час выкладаў будучым журналістам беларускую літаратуру. Беларускі татарын напісаў выдатную кнігу пра маленства, юнацтва, нялёгкія жыццёвыя дарогі і творчую працу нацыянальнага песняра Беларусі Якуба Коласа. І гэта яшчэ адно сведчанне ўзаемнай повязі людзей розных лёсаў і веравызнанняў на беларускай зямлі.
На здымках: Сустрэча з мусульманамі ў “Медыяпрасторы”