Мыла на вяровачцы. Завод адмовіўся ад іску супраць «Рэгіянальнай газеты»
У кастрычніку мінулага года на сайце «РГ» быў размешчаны здымак, дасланы чытачом. На ім аўтар зафіксаваў прывязанае да вяровачак мыла ў адной з прыбіральняў прадпрыемства. Загаловак да публікацыі быў «Каб не скралі. У прыбіральні на маладзечанскім заводзе мыла прывязалі на вяроўку».
Завод палічыў, што публікацыя наносіць шкоду дзелавой рэпутацыі прадпрыемства, і падаў іск да выдання ў Эканамічны суд Мінскай вобласці.
У іску ісцец патрабаваў ад адказчыка абвергнуць апублікаваную інфармацыю, абавязаць рэдакцыю падаць інфармацыю аб асобе, якая дала звесткі выданню, для прыцягнення яе да адказнасці, спагнаць з адказчыка дзяржпошліну.
Першае, папярэдняе, судовае пасяджэнне адбылося ў канцы мінулага года. Другое прайшло 16 студзеня.
22 студзеня бакі дасягнулі міравога пагаднення, дзе ісцец адмовіўся ад сваіх патрабаванняў у поўным аб’ёме. Завод таксама абавязваецца вярнуць выданню палавіну выдаткаў на аплату паслуг адваката.