МЗС Беларусі адмовіла ў акрэдытацыі яшчэ аднаму журналісту “Радыё Рацыя” КОПІЯ АДКАЗУ
Міністэрства замежных спраў Беларусі ўслед за Віктарам Парфёненкам адмовіла ў акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта замежнага СМІ яшчэ аднаму журналісту “Беларускага Радыё Радыя” (Польшча) — Яўгену Скрабцу.
Пра гэта гаворыцца ў адказе МЗС на адрас кіраўніка радыё Яўгена Вапы.
У лісце паведамляецца, што “Камісіяй МЗС па разгляду пытанняў акрэдытацыі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі прынята рашэнне аб адмове ў акрэдытацыі на падставе падпункта 15.4 пункта 15 Палажэння аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 снежня 2008 года №2015 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі”.
Як тлумачыць журналіст, Міністэрства замежных спраў РБ адмовіла ў акрэдытацыі, спаслаўшыся на тое, што цягам апошніх шасці месяцаў былі факты супрацы з “Радыё Рацыя” неакрэдытаваных журналістаў.
Рашэнне МЗС Яўген Скрабец мае намер абскардзіць у судзе і звяртае ўвагу на тое, што апроч іншага былі парушаны тэрміны адказу на яго зварот аб акрэдытацыі.
Нагадаем, што «Беларускае Радыё Рацыі» і тэлеканал «Белсат» доўгі час дамагаюцца акрэдытацыі сваіх карэспандэнтаў у Беларусі, але ўвесь час атрымліваюць адмовы.
Нядаўна адмову ад МЗС атрымаў яшчэ адзін журналіст радыё Віктар Парфёненка. Гэта была ўжо 10‑я спроба журналіста атрымаць акрэдытацыю.
За супрацоўніцтва з замежным медыя без акрэдытацыі беларускіх журналістаў сістэматычна штрафуюць, вінавацячы ў парушэнні парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ.
У 2018 годзе такіх штрафаў было вынесена 118, у 2019 годзе — ужо 36. Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць такі пераслед журналістаў незаконным і настойвае на скасаванні патрабавання аб абавязковай акрэдытацыі, бо гэта парушае канстытуцыйныя правы грамадзянаў на збор, захаванне і распаўсюд інфармацыі.