МЗС Францыі асудзіла блакаванне ў Беларусі сайта «Хартыі-97»
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» накіравала ў Міністэрства замежных спраў Францыі зварот з просьбай даць ацэнку блакаванню сайта charter97.org.
«Сёння роўна тры месяцы з таго дня, калі самы чытаны навінавы сайт Беларусі Charter97.org быў заблакаваны ў гэтай краіне. «Рэпарцёры без межаў« і іншыя праваабарончыя арганізацыі выступаюць супраць гэтага ўзорнага акту цэнзуры. Якая рэакцыя Францыі?»
У знешнепалітычным ведамстве адказалі:
«Мы шкадуем аб рашэнні заблакаваць галоўны навінавы сайт Беларусі Charter97.org, прынятым уладамі гэтай краіны ў канцы студзеня. Францыя прытрымліваецца прынцыпаў павагі свабоды прэсы і свабоды думкі ва ўсім свеце, і ў інтэрнэце ў прыватнасці. Падобныя абмежаванні базавых свабодаў не спрыяюць збліжэнню Беларусі з Радай Еўропы і Еўрапейскім Звязам».
Нагадаем, 24 студзеня Міністэрства інфармацыі Беларусі без папярэджання і ў пазасудовым парадку заблакавала сайт «Хартыі-97».
Прычынай у Мініфарме назвалі публікацыі, якія могуць «нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», артыкулы з пазначэннем даты і месца яшчэ не дазволеных уладамі акцый пратэсту і нібыта распаўсюд інфармацыі з рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі.