• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На блогера Сцяпана Пуцілу Следчы камітэт рыхтуе завочную “спецвытворчасць”

    Cледчы камітэт Беларусі ініцыяваў так званую “дыстанцыйную спецвытворчасць” у дачыненні да арганізатараў шэрагу “тэрарыстычных арганізацый” і асобных прадстаўнікоў “экстрэмісцкай супольнасці”. У гэтым пераліку фігуруе і заснавальнік адной з самых масавых інфармацыйных інтэрнэт-платформаў Nexta Сцяпан Пуціла.  

    Старшыня ведамства Дзмітрый Гара ў кулуарах навукова-практычнай канферэнцыі «Асноўныя напрамкі ўдасканалення сістэмы нацыянальнай бяспекі» анансаваў чарговыя справы ў межах беларускага ноў-хаў — завочнай “спецыяльнай вытворчасці” ў дачыненні да апанентаў рэжыму.

    «Такі механізм дазваляе прыцягваць да крымінальнай адказнасці асоб, якія ўчынілі цяжкія злачынствы супраць дзяржавы і народа Беларусі, — удакладніў сілавік. — Яны могуць быць прыцягнуты да адказнасці нават тады, калі знаходзяцца за мяжой і хаваюцца ад крымінальнага пераследу. Мы ўжо перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд дзве крымінальныя справы: першая тычыцца так званай «Чорнай кнігі Беларусі», другая — Фонду спартыўнай салідарнасці».

    “Завочную спецвытворчасць” у Беларусі пачалі супраць Святланы Ціханоўскай, Паўла Лутушкі, Аляксанра Апейкіна, Аляксандры Герасімені ды іншых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Неўзабаве пералік можа пашырыцца.

    Як расказаў старшыня Следчага камітэта, шэраг спраў разглядаецца ў “асаблівым парадку”. Сярод іх справа зліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна” і ўжо прызнанай уладамі “тэрарыстычнай арганізацыяй” ініцыятывы BYPOL. Падзяліўся ён і планамі наконт аднаго з заснавальнікаў Telegram-канала Nex­ta Сцяпана Пуцілы.

    «У самы бліжэйшы час будзе разглядацца пытанне аб ініцыяцыі спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да сапраўдных здраднікаў, якія нанеслі вялізную шкоду нашай краіне. Гэта і Nex­ta (сярод першых у краіне рэдакцыя прызнана “тэрарыстычнай арганізацыяй”, – рэд.), і непасрэдна Пуціла і яго падзельнікаў. Тое ж тычыцца Лупаносава (экс-супрацоўнік ГУБАЗіК, – рэд.), які праходзіў службу ў праваахоўных органах і ў канчатковым выніку пайшоў на здраду дзяржаве і народу», —заявіў кіраўнік ведамства.

    У апошнія дні 2021 года сілавыя структуры Беларусі ўжо абвінавацілі Сцяпана Пуцілу ў “арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак” (ч. 1 і 3 арт. 293 КК, ч. 1 і 2 арт. 342 КК), а таксама ў “распальванні варожасці” (ч. 3 арт. 130 КК) і паводле шэрагу іншых артыкулаў – агулам набралася блізу дзясятка “злачынстваў”.

    На адрас пракуратуры Польшчы (у гэтай краіне апошнія гады жыве блогер), са Следчага камітэта быў нават дасланы запыт аб экстрадыцыі заснавальніка Nex­ta дзеля накіравання справы ў суд. Аднак у студзені 2022 года польскі бок адмовіў у хадайніцтве. Як аргументаваў суддзя па справе Сцяпана Пуцілы, “нельга выдаць чалавека толькі за тое, што гэтага хоча псіхапатычны дыктатар”.

    Пасля першых пагроз крымінальнага пераследу ў 2020 годзе Сцяпан Пуціла атрымаў міжнародную абарону, а ў 2021‑м — статус палітычнага ўцекача ў Польшчы. Следам на радзіме ён апынуўся ў спісе “арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

    Сцяпану Пуцілу 24 гады. Нягледзячы на маладосць, ён адзін з самых вядомых і пазнавальных блогераў як у Беларусі, так і за яе межамі. Гэтаму паспрыяла перадусім інфармацыйная актыўнасць калектыву аднадумцаў падчас масавых акцый 2020 года, калі створаны да таго Telegram-канал Nex­ta стаў адным з лакаматываў інфармавання пратэстоўцаў, якія выступалі супраць фальсіфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.  

    Чытайце яшчэ:

    Журналіст Сяргей Абламейка стаў пераможцам прэстыжнай прэміі імя Ежы Гедройця

    Гора: Ущерб по делу TUT.by возмещен в кратном размере

    Пачаўся суд над былым журналістам БТ Дзмітрыем Лукшой

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці