• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На фоне разгрому парэшткаў незалежнай прэсы міністр інфармацыі пахваліўся «прыбытковымі медыяхолдынгамі»

    Літаральна на наступны дзень пасля затрымання рэдактарату  «Рэгіянальнай газеты» і «Інфа-кур’ера» кіраўнік Міністэрства інфармацыі расказаў пра «ўдалы эксперымент» з аб'яднаннем рэгіянальных СМІ ў дзяржаўныя холдынгі.   

    «Пры разумным падыходзе да аб’яднання рэгіянальных СМІ і заробкі растуць, і тыражы павялічваюцца, і дызайн паляпшаецца. Любы прадукт – гэта барацьба на рынку. І наколькі мы эфектыўна будзем змагацца, стукацца ў дзверы да кожнага, настолькі будзем прадуктыўныя як медыя», – цытуе сайт ведамства Уладзіміра Пярцова, які 16 сакавіка сустрэўся з журналісцка-ідэалагічным актывам Бераставіцкага раёна.  

    Міністр інфармацыі давёў прысутным, што нягледзячы на некаторы скепсіс калег, у тым ліку ў Гродзенскай вобласці, іншыя рэдакцыі ўжо правялі адпаведную работу па «рэарганізацыі». І паколькі выключэнняў з агульных правілаў быць не павінна, нічога не застаецца, як рушыць «паскоранымі тэмпамі» дзеля дасягнення акрэсленых мэтаў. 

    «Перадусім дзеля таго, каб газета была моднай, сучаснай, – патлумачыў чыноўнік. – Тыя слоты, якія не можа запоўніць раён унутры рэдакцыі, можна рабіць з вобласці. Там, дзе немагчыма знайсці спецыялістаў па дызайне, вёрстцы, прасоўванні ў сацсетках і месенджарах, гэты кавалак трэба аддаваць на аўтсорсінг у галаўны офіс. А тут пакінуць калектыў журналістаў, якія найлепш ведаюць, што адбываецца на месцах. Ніхто іншы гэтых тэм не адпрацуе».

    На Гарадзеншчыне права стаць «першапраходцам» на безальтэрнатыўнай аснове атрымала рэдакцыя «Бераставіцкай газеты», якая якраз на стадыі далучэння да абласнога інфармацыйна-рэкламнага прадпрыемства «Рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда». 

    А лідарамі ў «аптымізацыі» рэгіянальнага медыйнага рынку Міністэрства інфармацыі называе Брэсцкую і Віцебскую вобласці. Праўда, некаторыя журналісцкія калектывы ў кулуарах не хаваюць крыўды ад таго, што іх зрабілі банальным дадаткам да больш буйных рэдакцый.

    Так, ад 1 студзеня ў склад інфармацыйнага прадпрыемства «Рэдакцыя Брэсцкай абласной газеты «Заря» ўвайшлі выданні «Голас часу» (Маларыта), «Сельская праўда» (Жабінка), «Савецкае Палессе» (Ганцавічы). Усе газеты бяруць пачатак з паваеннага часу і былі асноўнымі «кузнямі» мясцовых навін. Цяпер жа яны выходзяць раз на тыдзень як тэматычнае прыкладанне да «Зари». І гэты пералік кантрольнае ведамства плануе пашыраць. 

    Аналагічная карціна па Віцебшчыне. Колішнія раённыя газеты «Кліч Радзімы» (Дуброўна), «Дняпроўская праўда» (Шаркоўшчына), «Голас Расоншчыны» (Расоны) гэтаксама ўвайшлі ў так званы медыяхолдынг з цэнтрам, страціўшы статус асноўнай крыніцы інфармацыі для месцічаў. 

    Уладзімір Пярцоў прызнаў, што ў курсе «пэўных шарахаватасцяў», але «наверсе» высілкі прызналі ўдалымі, таму працэс будзе працягнуты. І параіў адчуць «непадробную радасць» астатніх удзельнікаў экспертымента. 

    «Шашкай махнуць і ўсіх аб’яднаць у адно – няправільна. Таму мы год вывучалі пытанне, глядзелі на тое, як працуюць у абласцях, якія змены адбыліся. І ўбачылі прагрэс. Досвед тых, хто перайшоў на новую форму, сведчыць: і заробкі павялічваюцца, і тыражы растуць, і дызайн паляпшаецца, і праца ў лічбавых асяродках на прыступку ўздымаецца. Творчыя людзі адчуваюць непадробную радасць, бо заробкі падскочылі на 30–40%», – адрапартаваў Уладзімір Пярцоў.

    Пры гэтым ён дадаў, што за аснову ўзбуйнення рэдакцый быў узяты прыклад Расіі, але з захаваннем «нацыянальнага каларыту». Маўляў,  саюзнікі пайшлі куды больш радыкальным шляхам – там усе раённыя газеты аб’ядналі ў холдынгі. У Беларусі, трэба меркаваць, гэта «права абраных».

    Клопат міністра інфармацыі пра выжыванне дзяржаўнай рэгіянальнай прэсы востра кантрастуе з тым, як улады распраўляюцца з канкурэнтамі ў выглядзе незалежных СМІ. Найбольш балючай аказалася атака пасля жнівеньскіх падзей 2020 года, калі ўлады пачалі мэтанакіравана знішчаць недзяржаўную прэсу. Спачатку друкарні адмаўляліся браць у працу «крамольныя» СМІ, а «Белпошта» аўтаматычна выкрэслівала іх са свайго спісу.

    Але «ворагаў» сярод журналістаў шукаюць дагэтуль: 15 сакавіка сілавікі правялі ператрусы ў рэдакцыі слуцкага выдання «Інфа-Кур’ер» і ў галоўнага рэдактара маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча. 

    Найменей тры супрацоўнікі, уключна Аляксандра Манцэвіча, а таксама рэдактара «Інфа-кур’ера» Сяргея Станкевіча і яго намесніка Алега Рубчэні, затрыманыя і застаюцца пад вартай. Сутнасць прэтэнзій з боку «праваахоўнікаў» удакладняецца.

    Чытайце яшчэ:

    Рэдактара «Інфа-Кур’ера» і яго намесніка змясцілі ў ізалятар, «Белсаюздрук» адмаўляецца браць газеты

    «Без нацыянальнага прымірэння нам не захаваць незалежнасці Беларусі». Адкрыты ліст Іосіфа Сярэдзіча

    Пракурор запатрабаваў тры гады зняволення для журналіста Генадзя Мажэйкі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці