На сустрэчы з даверанай асобай Лукашэнкі ў Ганцавічах не дазволілі задаваць пытанні і фатаграфаваць
Намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан — давераная асоба дзеючага прэзідэнта краіны, які балатуецца на чарговы тэрмін, — 27 ліпеня прыехала агітаваць за яго ў Брэсцкую вобласць.
На сустрэчы падчас абедзеннага перапынку з работнікамі культуры ў кінатэатры “Маладосць” Алена Богдан паведаміла, што з 14 ліпеня сышла ў працоўны адпачынак і з гэтай даты з’яўляецца даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Таксама яна адразу адзначыла, што з’яўляецца лекарам, а не палітыкам, і што прыехала не да народу, а да працоўнага калектыву культурных устаноў раёна, і не мае намеру адказваць на пытанні журналістаў і іншых людзей, якія трапілі на сустрэчу.
У выніку пасля 40-хвіліннага расповеду пра сваю біяграфію і правільнасць дзеянняў кіраўніка дзяржавы ў супрацьстаянні каранавірусу да Алены Богдан звярнулася толькі дырэктар гарадскога Дома культуры ў Ганцавічах.
Калі ж свае пытанні паспрабавалі задаць нешматлікія грамадзяне і карэспандэнт мясцовай газеты “Ганцавіцкі час”, яны былі спыненыя кіраўніком ідэалагічнага аддзела Ганцавіцкага райвыканкама.
На самым пачатку сустрэчы было абвешчана пра забарону рабіць фотаздымкі.
Як патлумачыла намеснік міністра аховы здароўя пасля сустрэчы з працоўным калектывам, у Ганцавічах яна не плануе наведваць нешта яшчэ, бо месяц таму ўжо рабіла службовую паездку па Брэсцкай вобласці ў сувязі з сітуацыяй па захворваннях на COVID-19.
Журналісту “Ганцавіцкага часу” Аляксандру Пазняку ўсё ж удалося спытацца ў Алены Богдан наконт таго, якім чынам ствараліся выбарчыя камісіі.
“Атрымліваецца нейкая дваістасць. Камусьці можна быць упершыню даверанай асобай, а камусьці без досведу нельга трапіць у склад выбарчых камісій. Дык дзе тады гэты вопыт актыўным людзям можна атрымаць?”, — запытаўся карэспандэнт.
Алена Богдан адказала, што зафіксавала пытанне, але адзначыла, што давераныя асобы і кіраўнік дзяржавы не маюць ніякага дачынення да фармавання выбарчых камісій.
“Раз на тыдзень мы сустракаемся, і ваша пытанне я агучу прэзідэнту. Гэта я магу вам адназначна сказаць”, — паабяцала давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі.