• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На тэлевежу ў Калодзішчах можна патрапіць, мінуючы ахову ВІДЭА

    Двое жыхароў Менску забраліся на тэлевежу вышынёй 350 метраў, што знаходзіцца ў раёне пасёлку Калодзішчы і знялі працэс на відэа. Пры гэтым яны мінулі ахову, якая стаіць на ўваходзе на тэрыторыю тэлевежы.

    Судзячы па відэа, падзеі адбываліся яшчэ ўвесну.

    Самі хлопцы называюць свой занятак модным словам «руфінг» а сябе – «руферамі». Такія людзі маюць незвычайнае хобі – забірацца на высотныя збудаванні. Звычайна яны здымаюць відэа для адмысловых блогаў у YouTube. Спасылку на такое відэа даслалі і ў рэдакцыю «Белсату».

    Тэлевежа ў Калодзішчах забяспечвае лічбавае тэлевяшчанне, рэтранслюючы на Менск і Менскую вобласць сігнал усіх дзяржаўных каналаў і радыё. Яна дасягае 350 метраў у вышыню і знаходзіцца пад аховай. За пранікненне на тэлевежу без дазволу прадугледжаная адміністратыўная адказнасць.

    «На ўваходзе стаяў пост аховы, хтосьці з ахоўнікаў хадзіў па тэрыторыі яшчэ. Я нават сам не ведаю, як мы мінулі іх. Пакуль шукалі, з якога боку лепш забрацца, то стараліся не трапляцца на вочы. Ну а калі былі ўжо наверсе – не разумею, чаму нас не заўважыла ахова», – распавёў адзін з руфераў Іван Л.

    Паводле слоў іншага аматара руфінгу, які забраўся на гэтую тэлевежу, паглядзеўшы відэа на YouTube-канале Івана, «ахова ёсць, але яна не глядзіць увогуле, сядзіць у белым доміку».

    Мы звярнуліся ў прэс-службу РУП «Белтэлекам», бо ў сферу іх адказнасці ўваходзіць кантроль за бяспекай тэлевежаў. Аднак там папрасілі накіраваць пісьмовы запыт, на які не адказалі ні ў дзень звароту, ні на наступны дзень. Прэс-сакратар адзначыла, што хуткага адказу «не гарантуе».

    Невядома, ці ўваходзяць тэлевежы ў спіс стратэгічных аб’ектаў, бо гэтага спісу няма ў адкрытым доступе, ён прызначаны для ўнутранага карыстання праваахоўнікамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці