На журналістку-фрылансера з Бярозы Тамару Шчапёткіну склалі новы пратакол. Гэтым разам у Баранавічах
Пра гэта яна даведалася 18 жніўня, атрымаўшы па пошце ліст з Баранавіцкага РАУС. У лісце знаходзіўся ня толькі сам пратакол, але папярэджанне за подпісам ці то начальніка РАУС Эльдара Вільчкоўскага, ці то яго намесніка Сяргея Пажогі.
З гэтага паведамлення, датаванага 15 жніўня, вынікала, што Тамары Шчапёткінай належыць 17 жніўня з’явіцца у суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы для разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КоАП РБ. У выпадку калі журналістка не прыедзе ў суд без паважнай прычыны, яе абяцалі даставіць прымусова.
Што тычыцца самога пратакола, складзенага участковым Барановіцкага РАУС Віталем Раманюком, дык там таксама было шмат дзіўнага. Падставай для складання пратакола з’явілася тое, што Тамара Шчапёткіна сёлета 30 ліпеня рабіла інтэрв’ю падчас наведвання Дома-музея Адама Міцкевіча ў Завоссі і пасля размясціла яго на сайце “Радыё Рацыя”, ня маючы акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь у якасці журналіста.
Такім чынам, вынікае з пратакола, Шчапёткіна парушыла заканадаўства аб СМІ, бо здзейсніла незаконны выраб і распаўсюд інтэрв’ю. Больш за тое: у пратаколе паведамляецца, што журналістка адмовілася падпісацца пад правамі і абавязкамі, адмовілася падпісаць сам пратакол і атрымаць копію гэтага пратакола.
Дарэчы, за некалькі дзен да гэтага Тамара Шчапёткіна атрымала з Баранавіцкага РАУС іншы пратакол, складзены ўчастковым Андрэем Вахітавым, які таксама тычыцца падзей 30 ліпеня. І з гэтым пратаколам журналістка-фрылансер не была папярэдне азнаёмлена і яго не падпісвала.