На журналістку з Бярозы Тамару Шчапёткіну склалі два пратаколы за супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя» без акрэдытацыі
Як мяркуе Тамара Шчапёткіна, фармальнай падставай для выкліку ў міліцыю былі матэрылы, які змешчаны на сайце "Радыё Рацыя" сёлета ў чэрвені.
Размова ідзе пра матэрыялы “Крамы мінімаркет Еўраопта крочаць у вялікі вёскі”, а таксама “Якое дачыненне мае Валерый Чкалаў да беларускай вёскі”. У абодвух выпадках супрацоўнікі міліцыі знайшлі асобаў, якіх нібыта распытвала журналістка, і на гэтай падставе ў даченні да Тамары Шчапёткінай былі складзены пратаколы паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай
інфармацыі”).
Аднак сама журналістка з Бярозы мяркуе, што насамрэч яе пераследуюць за іншы рэпартаж на сайце «Радыё Рацыя» — пра знішчэнне свінафермы “Сухое” ў Іванаўскім раёне. Гэты матэрыял выклікаў грамадскі рэзананс.
Як гэта – быць адзіным незалежным журналістам на ўвесь раён?
“Падставы гэтак лічыць у мяне ёсць, — распавяла Тамара Шчапёткіна Службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. — Я даведалася, што пасля з’яўлення гэтага рэпартажа супрацоўнікі міліцыі спынілі службовы аўтобус, на якім работнікі свінафермы вярталіся дадому. У людзей пачалі правяраць сумкі, пасля паказвалі маю фатаграфію і пыталіся, адкуль рабочыя даведаліся мой нумар тэлефона і хто званіў”.
Журналістка не выключае, што неўзабаве на яе складуць яшчэ адзін пратакол — менавіта за рэпартаж са свінафермы “Сухое”.
Сябра ГА БАЖ” Тамара Шчапёткіна неаднаразова была пакараная штрафамі на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Апошні раз гэта здарылася ў лістападзе 2017 года.