• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Набыў моц прысуд Золатавай у «справе БелТА». Урадавая газэта прыпісала ёй згоду са справядлівасьцю выраку

    Прысуд галоўнай рэдактарцы Tut.by Марыне Золатавай у «справе БелТА» набыў моц 15 сакавіка. Пра гэта стала вядома 18 сакавіка з газэты Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня».

    Суд Заводзкага раёну Менску 4 сакавіка прызнаў Марыну Золатаву вінаватай у «бязьдзеяньні службовай асобы» (некалькі журналістаў ейнай рэдакцыі карысталіся чужымі паролямі для доступу да платнай падпіскі сайту БелТА і самі былі за гэта аштрафаваныя) і прысудзіў ёй штраф 300 базавых велічыняў (7650 рублёў) з кампэнсацыяй судовых выдаткаў (6000 рублёў за адвакатаў БелТА).

    Прысуд набыў моц, бо яго не абскардзіла ні сама Золатава, ні пракуроры.

    Дзяржаўная газэта: «Золатава прызнала абгрунтаванасьць і справядлівасьць прысуду» (папраўдзе не)

    На наступны дзень пасьля таго, як прысуд набыў сілу, дзяржаўная газэта «Рэспубліка» (цяпер — частка холдынгу «СБ») апублікавала тэкст Людмілы Гладкай — былой аўтаркі міліцэйскіх газэтаў, а цяпер супрацоўніцы «СБ». Гладкая прыходзіць да высновы, што, раз абскарджаньня прысуду Золатава не пабіла, то, «па сутнасьці, прызнала ягоную абгрунтаванасьць і справядлівасьць».

    Сама Золатава на першым жа паседжаньні паведаміла суду, што ня лічыць сябе вінаватай, бо ў яе дзеяньнях адсутнічаў склад злачынства. Пасьля прысуду яна не была ўпэўненая, ці варта абскарджваць вырак.

    «Вы ж ведаеце, што статыстыка апраўдальных прысудаў — 0,2%, таму на такі я і не разьлічвала, і не чакала, — тлумачыла Золатава. — Мяне пацешыла, што прысуд аказаўся больш мяккім, чым прасіла пракурорка».

    Што яшчэ напісала Людміла Гладкая пра «справу БелТА»:

    • Уся справа — «паўгадовая піяр-акцыя» ААТ «Тут бай мэдыя».

    • Справа «настолькі звычайная і сумная, што на яе ніхто больш не зьвярнуў бы ўвагі, каб не актыўнасьць у сеціве самаго парталу і ягоных «заўзятараў».

    • Пасьля пачатку на судзе стала менш журналістаў, засталіся «ў асноўным тутбаеўцы».

    • «На самой справе, дзяржаўныя СМІ дазволілі сабе няшмат: усяго некалькі калёнак, каб ня даць чытачу празь бясконцую плынь аднабокай інфармацыі, а нярэдка і адкрытай хлусьні згубіць сутнасьць таго, за што ж, уласна, судзяць Золатаву».

    • Тыя, хто казаў пра міжнародную ўвагу да справы, «як замбаваныя талдычылі, быццам ад гэтага працэсу будзе толькі горш».

    • Паўтарыла заяву старшыні Вярхоўнага суду аб тым, што нібы «ўвага да працэсу Золатавай — гэта ціск на суд».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці