Камісія па этыцы: «Беларусь головного мозга» і «#МотолькоПомоги» парушылі стандарт журналісцкай этыкі
ПАСТАНОВА
Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 7 кастрычніка 2020 года.
Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе Сяргея Ваганава, Валера Карбалевіча, Таццяны Мельнічук, Змітра Падбярэзскага, Змітра Панкаўца, Таццяны Рэвяка, з удзелам Анатоля Гатоўчыца і ў прысутнасці намесніка старшыні ГА «БАЖ» Барыса Гарэцкага разгледзела два звароты журналіста, сябра ГА «БАЖ» Тараса Тарналіцкага ад 10 і 25 верасня адпаведна.
1.У першым звароце заяўнік просіць даць ацэнку дзеянням адміністратараў тэлеграм-каналаў «Беларусь головного мозга» і «#МотолькоПомоги», якія 7 верасня 2020 года змясцілі чарнавую версію фільма «Купала» («#МотолькоПомоги» — спасылку). Заяўнік лічыць, што тым самым парушаны стандарты прафесійнай этыкі, бо відэафайлы атрыманы незаконным і амаральным спосабам. Да таго ж заяўнік сцвярджае, што Антон Матолька (тэлеграм-канал «#МотолькоПомоги») змясціў хлуслівую інфармацыю пра тое, што «Купала» — фильм, который запретили показывать в Беларуси до выборов». Фільм «Купала», па сцвярджэнні заяўніка, ніхто не забараняў. «По правилам кинопродвижения, — заўважае Тарас Тарналіцкі, — картина должна была быть показана в этом году на кинофестивалях, включая международные, а потом попасть и в кинотеатры. Большинство фестивалей были перенесены на более позднее время из-за коронавируса, а кинотеатры приостановили работу» Просьба (праз ліставанне) зняць пірацкую копію фільма з прагляду ў тэлеграм-канале «#МотолькоПомоги», як і адпаведны відэазварот рэжысёра фільма Уладзіміра Янкоўскага, былі праігнараваны.
Акрамя заяўніка, зварот падпісалі яшчэ 52 асобы, у той ці іншай ступені датычныя да кінасуполкі і кінавытворчасці.
2. У другім звароце, дадатковым да першага, заяўнік звяртае ўвагу Камісіі на парушэнні, па ягонаму меркаванню, прафесійнай этыкі, якія ўтрымліваюцца ў аўтарскай калонцы Міхася Скоблы «Фільм «Купала» — глядзець усім!», надрукаванай 11 верасня ў газеце «Народная воля» і змешчанай на сайце «Народная воля+». Па сцвярджэнні заяўніка, «скачивание, просмотр украденной черновой версии фильма и написание текста на основе впечатлений» таксама супярэчыць прынцыпу атрымання інфармацыі законным і маральным шляхам. Сцвярджэнне аўтара, што «Мастацкі фільм «Купала», які меўся выйсці на экраны яшчэ летась, як выглядае, трапіў у разрад забароненых», па меркаванні заяўніка, «является по сути неправдой — нет никаких подтвержденных сведений о том, что фильм был запрещен или цензурирован…»
Пры разглядзе абодвух зваротаў былі заслуханы тлумачэнні заяўніка Тараса Тарналіцкага і аўтара артыкула «Фільм «Купала» — глядзець усім!» Міхася Скоблы. Атрымаць тлумачэнні ад адміністратараў тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» па аб’ектыўных прычынах не ўдалося. Што тычыцца Антона Матолькі, то і запрашэнне на паседжанне Камісіі, і прапанова даслаць тлумачэнне ў пісьмовым выглядзе былі праігнараваны.
У выніку разгляду і абмеркавання абодвух зваротаў Камісія па этыцы БАЖ
ПАСТАНАВІЛА:
1. Тэлеграм-каналы «Беларусь головного мозга» і «#МотолькоПомоги», якія змясцілі і распаўсюдзілі чарнавую (пірацкую) версію фільма «Купала», і праігнаравалі просьбу праваўладальніка і стваральнікаў фільма прыбраць яго з інтэрнэту, ПАРУШЫЛІ стандарт журналісцкай этыкі, які згодна з “Дэкларацыяй прынцыпаў прафесійнай этыкі журналістаў” БАЖ патрабуе “ЗАХОЎВАЦЬ правы законныя і інтарэсы трэціх асоб падчас пошуку, захавання і распаўсюду інфармацыі»;
2. У публікацыі Міхася Скоблы «Фільм «Купала» — глядзець усім!» АДСУТНІЧАЕ ПАРУШЭННЕ прафесійнай журналісцкай этыкі, паколькі аўтар не хаваў факт незаконнага змяшчэння і распаўсюду фільма ў інтэрнэце, а артыкул прысвечаны ў асноўным ягонаму зместу;
3. Звярнуць увагу рэдакцый СМІ і журналістаў на неабходнасць згодна з “Дэкларацыяй прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста” «ІМКНУЦЦА да максімальнай дакладнасці інфармацыі, глыбіні і праўдзівасці аргументаў падчас выказвання сваіх поглядаў, пазіцый і меркаванняў».
ЗАЎВАГІ:
1. Трэці пункт пастановы выкліканы прафесійнымі хібамі ў сцвярджэнні Антона Матолькі і развагах Міхася Скоблы пра забарону фільма «Купала». Камісія ўлічыла аб’ектыўныя цяжкасці ў атрыманні дакладнай інфармацыі такога кшталту, якія існуюць у сучасных палітыка-прававых умовах. Тым не менш, журналіст мусіць дазнавацца праўды шляхам расследавання, а пры немагчымасці па розных абставінах абмяжоўвацца меркаваннямі ці версіямі на падставе ўскосных фактаў альбо чутак, пазначаючы іх як такія;
2. Непрыемна ўразіла нічым не матываванае ігнараванне сябрам ГА «БАЖ» Антонам Матолькам супрацоўніцтва з Камісіяй па этыцы як структурай БАЖ. Непаважлівае стаўленне да Камісіі, абранай з’ездам, — не лепшы стыль пры высвятленні этычных праблем журналісцкай працы.
Старшыня Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” Сяргей Ваганаў
Сакратар Камісіі Таццяна Рэвяка