• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Камісія: У публікацыі «Сильных новостей» не было парушэння журналісцкай этыкі

    ПАСТАНОВА
    Камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў ад 8 лютага 2018 г.

    У Камісію па этыцы паступіла заява жыхара Гомеля, праваабаронцы, сябра ГА «БАЖ» Леаніда Судаленкі. Ён скардзіцца на рэдакцыю сайта «Сильные новости».

    Прэтэнзіі сп. Судаленкі палягаюць у тым, што сайт «Сильные новости» перадрукаваў з сайту ПЦ «Вясна» два матэрыялы з парушэннем аўтарскага права. Сп. Судаленка заяўляе: «Прааналізаваўшы дадзены перадрук з сайта ПЦ «Вясна» майго аўтарскага матэрыялу, я прыходжу да высновы, што рэдакцыя сайта «Сильные новости» злоўжыла аўтарскім правам пры размяшчэнні майго матэрыялу, паколькі памяняла тэкст і першапачатковы сэнс матэрыялу такім чынам, што з яго знікла інфармацыя пра мяне, як назіральніка у выбарчай камісіі, які каментуе вынікі пасяджэння выбарчай камісіі».

    Прааналізаваўшы гэтую канфліктную сітуацыю, Камісія па этыцы прыйшла да наступных высноваў.

    Хоць сп. Судаленка сцвярджае пра згаданыя публікацыі «мае матэрыялы», «з захаваннем майго аўтарства», насамрэч абодва матэрыялы, надрукаваныя на сайце ПЦ «Вясна» з’яўляюцца ананімнымі, без прозвішча аўтара. Сп. Судаленка выступае ў іх як эксперт, ананімны аўтар на яго спасылаецца.

    Сайт «Сильные новости» перадрукаваўшы матэрыялы, скараціў іх і не узгадаў прозвішча эксперта Судаленкі. Пры гэтым тэкст і першапачатковы сэнс матэрыялу не змяніўся. Спасылка на сайт ПЦ «Вясна» маецца.

    Камісія лічыць, што інфармацыйнае выданне мае права перадрукоўваць матэрыял з другога сродку масавай інфармацыі са скарачэннем, калі гэта не змяняе сэнс публікацыі.

    На наш погляд, гэта адпавядае палажэнням Кодэксу журналісцкай этыкі ГА «БАЖ», якія прадугледжваюць: «Інфармацыя павінна быць атрымана законным і этычным шляхам»; «Матэрыялы, перадрукаваныя з іншых сродкаў масавай інфармацыі, павінны мець адпаведныя спасылкі».

    Камісія пастанаўляе:

    У згаданых публікацыях на сайце «Сильные новости» няма парушэння журналісцкай этыкі.

     

    Старшыня Камісіі                          Анатоль Гуляеў

    Сакратар Камісіі                            Таццяна Равяка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці