Марафон салідарнасці: італьянскі журналіст падтрымаў палітвязынку Валерыю Касцюгову
Журналіст італьянскай газеты linkiesta.it Масімільяна Кочыа (Massimiliano Coccia) узяў сімвалічнае шэфства над Валерыяй Касцюговай, заснавальніцай і рэдактаркай сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактаркай і аўтаркай «Беларускага штогодніка» і кіраўніцай групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе».
Ён стаў адным з тых, хто адгукнуўся на заклік Беларускай асацыяцыі журналістаў прыцягнуць увагу да журналістаў і інтэлектуалаў, якія сядзяць у беларускіх турмах па палітычна матываваных прысудах. Зараз за кратамі знаходзяцца 33 супрацоўнікі медыяў.
Валерыя Касцюгова затрыманая 30 чэрвеня 2021 года пасля вобшуку ў яе доме. Асуджаная на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па трох крымінальных артыкулах:
- артыкулу 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
- артыкулу 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
- артыкулу 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці ці варажнечы).
Валерыя Касцюгова адбывае тэрмін у ПК‑4 Гомеля.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.
Даведка. У рамках Марафона салідарнасці, які працягваецца ўжо год і чатыры месяцы, прайшло 37 акцыяў у 27 гарадах у 23 краінах і амаль на ўсіх кантынентах. Пра пераслед беларускіх журналістаў ведаюць цяпер не толькі ў Еўропе, Канадзе ды ЗША, але і ў Лацінскай Амерыцы, у Аўстраліі, у краінах Афрыкі і Азіі.
Да Марафона салідарнасці далучыліся: Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ), Міжнародная федэрацыя журналістаў (IFJ), Міжнародная асацыяцыя па абароне свабоды слова (IFEX), «Рэпарцёры без межаў», Дацкі Хельсінкскі камітэт, «Індэкс Цэнзуры», Аўстралійскі Альянс медыя, забаў і мастацтваў (MEAA), Шведскі ПЭН-клуб, саюзы журналістаў Літвы, Швецыі, Фінляндыі, беларускія дыяспары з розных краінаў.